Улады працягваюць перасьледаваць і рэпрэсаваць беларусаў за адкрытае выказваньне нязгоды з дзеяньнямі ўладаў. Па стане на 15 студзеня ў Беларусі 1413 палітычных зьняволеных.
На працягу 2023 году «Вясна» фіксавала палітычныя крымінальныя справы, у якіх актыўна судзілі беларусаў. Больш за ўсё асуджаных праваабаронцы зафіксавалі ў Менску – 57%.
Прысуды выносілі ў тым ліку за праяву антываеннай пазыцыі і дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсій.
Агульная колькасьць асуджаных
За мінулы год «Вясна» сабрала зьвесткі як мінімум аб 1603 асуджаных з палітычных матываў. Зь іх 73% – мужчыны, 27% – жанчыны.
Віды пакаранняў
У 2023 годзе суды вынеслі наступныя прысуды:
- 1935 гадоў пазбаўленьня волі для 458 чалавек;
- 854 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі») для 389 чалавек;
- 106 гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі») для 51 чалавека;
- чатыры гады арышту для 18 чалавек;
- прымусовае лячэньне для пяці чалавек;
- адзін год пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай для аднаго чалавека;
- 2700 базавых велічыняў штрафу для сямі чалавек.
Геаграфія прысудаў па абласьцях
Больш за ўсё асуджаных у палітычна матываваных крымінальных справах зафіксавана ў Менску (57%). Сярод рэгіёнаў найбольшая колькасьць асуджаных у Гомельскай (10%) і Берасьцейскай (10%) вобласьці.
Самыя распаўсюджаныя палітычныя крымінальныя артыкулы
Больш за ўсё беларусаў судзілі ў 2023 годзе паводле арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх«) – 863 чалавекі. За «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369) асудзілі як мінімум 187 чалавек. 324 чалавекі засудзілі за абразу Лукашэнкі (арт. 368), а за «распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130) – 162 чалавекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вёў сямейны Youtube-канал, працаваў у IT. Што вядома пра палітвязьня Вадзіма Храсько, які загінуў за кратамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь — на 2-м месцы ў сьвеце па колькасьці арыштаў каталіцкіх сьвятароў і манахаў