Швэцыя пабудуе дзьве падводныя лодкі, каб адсочваць апэрацыі Расеі

Ілюстрацыйнае фота: польская падводная лодка ў Балтыйскім моры

Швэцыя ўпершыню за 30 гадоў пабудуе дзьве падводныя лодкі, каб патруляваць усходнія межы NATO і адсочваць магчымыя марскія апэрацыі з боку Расеі. Пра гэта паведамляе амэрыканскае выданьне Politico.

66-мэтровыя дызэль-электрычныя субмарыны тыпу А26 — Blekinge і Skåne — плянуюць спусьціць на ваду ў 2027 і 2028 гадах. Яны будуць несьці баявое дзяжурства ў Балтыйскім моры разам з чатырма субмарынамі, якія ўжо ёсьць у швэдзкім флёце. Blekinge і Skåne стануць першымі падводнымі лодкамі, пабудаванымі Швэцыяй зь сярэдзіны 1990-х гадоў.

Балтыйскае мора — складанае асяродзьдзе для падводных лодак, бо зьменлівы ўзровень солі ў ім уплывае на працу гідралякацыі, піша Politico. Акрамя таго, празь невялікую глыбіню і інтэнсіўны рух караблёў у гэтай акваторыі высокая рызыка сутыкненьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар цывільнай абароны Швэцыі заклікаў суграмадзян «быць гатовымі да вайны»

Будаўніцтвам субмарын займаецца кампанія Saab. Яна сьцьвярджае, што гэтыя падводныя лодкі ідэальна падыходзяць для балтыйскіх умоваў у тым ліку за кошт сваіх габарытаў і абноўленай паветранезалежнай энэргетычнай устаноўкі, якая дазваляе субмарынам доўгі час не паднімацца на паверхню безь неабходнасьці.

Politico зьвяртае ўвагу, што паведамленьне аб мадэрнізацыі швэдзкага флёту паступіла на фоне нядаўняга паведамленьня аб папаўненьні расейскага флёту новымі падводнымі лодкамі. У сьнежні мінулага году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін наведаў Северадзьвінск, дзе яму паказалі дзьве новыя субмарыны «Александр III» і «Красноярск».

Паводле зьвестак Швэцыі, да 2030 году ў расейскага ваенна-марскога флёту будзе 50 падводных лодак.

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі ва Ўкраіне Швэцыя разам зь Фінляндыяй адмовіліся ад палітыкі вайсковага нэўтралітэту, якой дзьве скандынаўскія краіны прытрымліваліся дзесяцігодзьдзямі. Іх намер атрымаў паскоранае адабрэньне ўсіх сяброў NATO, акрамя Турэччыны і Вугоршчыны. Пры гэтым усе рашэньні ўнутры альянсу павінны прымацца аднагалосна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ключавы камітэт парлямэнту Турэччыны ўхваліў уступленьне Швэцыі ў NATO