Польскае войска ўздымала ў паветра патрульныя самалёты і прывяло ў гатоўнасьць СПА. Што здарылася

F-16, ілюстрацыйнае фота

Польскае войска раніцай у суботу ўздымала ў паветра патрульныя самалёты на паўднёвым усходзе краіны з прычыны актыўнасьці бамбавікоў расейскай далёкай авіяцыі. Пра гэта паведаміла ў сацсетцы Х апэратыўнае камандаваньне нацыянальных узброеных сіл.

З наступнага паведамленьня вайскоўцаў вынікае, што ў патрулі ўдзельнічалі саюзьнікі Польшчы па NATO. Дакладны склад узьнятых самалётаў у гэтых паведамленьнях не раскрываецца. Акрамя таго, у рэжыме падвышанай гатовасьці дзейнічалі наземныя сыстэмы СПА.

Польшча ўжо некалькі разоў у 2024 годзе ўзьнімала патрульныя самалёты празь дзеяньні расейскіх вайскоўцаў. 29 сьнежня Варшава заяўляла аб пралёце ў паветранай прасторы Польшчы расейскай крылатай ракеты, якая наносіла ўдар па Ўкраіне.

Намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Ўладзіслаў Тэафіл уручыў часоваму паверанаму ў справах Расеі Андрэю Ардашу ноту, у якой запатрабаваў тлумачэньняў. Масква пралёт ракеты адмаўляе.

Раніцай 13 студзеня Расея нанесла масіраваны ўдар ракетамі і бомбамі па тэрыторыі Ўкраіны. Камандаваньне паветраных сіл украінскай арміі паведаміла, што па цэлях на тэрыторыі краіны было выпушчана 40 ракет. Запуск рабіўся ў тым ліку стратэгічнымі бамбавікамі Ту-95МС з раёна Касьпійскага мора.

У паведамленьні ВСУ сьцьвярджаецца, што 8 ракет і дронаў былі зьбітыя, а больш за 20 – адхіленыя ад цэляў сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.

Масква заявіла, што ўдар наносіўся па аб'ектах ваенна-прамысловага комплексу Украіны, якія вырабляюць артылерыйскія снарады, порах і беспілётнікі. Расейскае Міністэрства бароны сьцьвярджае, што ўсе намечаныя цэлі дасягнутыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея зноў атакавала Ўкраіну ракетамі і бесьпілётнікамі, але многія зь іх не даляцелі

Ва ўмовах ваенных дзеяньняў праверка інфармацыі бакоў немагчымая.