Міністар унутраных справаў Іван Кубракоў у інтэрвію дзяржаўнаму тэлебачаньню выказаўся пра амністыю, а таксама пра бясьпеку падчас электаральнай кампаніі.
Каротка асноўнае:
- прааналізавалі амністыю 2022 году: з 5,5 тысяч амніставаных паўторна зьдзейсьнілі злачынства 274 чалавекі, гэта ўсяго 4%;
- навінка гэтай амністыі: прапанавана прымяніць яе і да асобаў, асуджаных за асабліва цяжкія злачынствы: у тым ліку за забойствы і злачынствы, якія пацягнулі за сабой сьмерць;
- прапанова МУС: да тых, хто засуджаны за экстрэмізм і тэрарызм — амністыю не ўжываць. Яны, маўляў, не раскаяліся, а тыя, хто зьехалі за мяжу — не ўсьвядомілі, што паламалі чалавечыя лёсы. МУС — катэгарычна супраць.
- але магчымыя асобныя выключэньні: «Прэзыдэнт падкрэсьліў: там, дзе грамадзяне – у тым ліку і якія асуджаныя за экстрэмізм – у індывідуальным парадку, калі чалавек раскаяўся, дык амністыя можа быць прымененая. Таму гэтае пытаньне яшчэ будзе прапрацавана дадаткова. Калі сапраўды мы ўбачым гэтую шчырасьць, што людзі раскайваюцца – ну чаму не. У індывідуальным парадку гэта магчыма».
Пра бясьпеку падчас «электаральнай кампаніі» і новыя вайсковыя ўтварэньні
- пасьля 2020 году, калі сытуацыя была вельмі напружаная, мы правялі працу над памылкамі і прааналізавалі сытуацыю;
- у 2023 годзе ва ўнутраных войсках было створана 9 спэцпадразьдзяленьняў;
- пры падрыхтоўцы былі задзейнічаныя інструктары, якія маюць баявы вопыт: «Хачу сказаць, што ўзровень падрыхтоўкі вырас у разы. Асабліва пры выкананьні спэцыяльных задач»;
- кожны выбарчы ўчастак абсталююць кнопкамі трывожнай сыгналізацыі. Ва ўсіх рэгіёнах на тэрыторыях, дзе раней былі выбарчыя ўчасткі, ужо ўстаноўлены сыстэмы відэаназіраньня;
- зацьверджаны комплекс апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў: «Працуюць нашы падразьдзяленьні інтэрнэт-выведкі. Асабліва ў пачатку электаральнай кампаніі ёсьць спробы ўзьдзейнічаць на службовых асоб. Гэта і абразы, і пагрозы, — сказаў Іван Кубракоў. — Ніводнае слова, якое ў інтэрнэце гаворыцца... За кожнае слова давядзецца адказаць».
Амністыю зьбіраюцца прымеркаваць да 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нацыстаў.
У пералік «экстрэмістаў» улады ўключаюць асуджаных у тым ліку за «дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак», за «паклёп», абразу прадстаўнікоў улады, «зьдзек» зь дзяржаўных сымбаляў, «распальваньне варожасьці», «фінансаваньне „экстрэмісцкіх“ фармаваньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амністыя ў Беларусі: гульня ў лібэралізацыю? Вынікі тыдня з Валерам Карбалевічам