Сайт kyky.org праз праблемы з фінансаваньнем прыпыняе працу і пераходзіць на іншыя пляцоўкі

Галоўная старонка сайту Kyky.org 8 лютага 2021 году. Ілюстрацыйнае фота

Мэдыя праект KYKY, які існуе ад 2010 году і займаў нішу гарадзкога онлайн часопісу ў Менску, праз праблемы з фінансаваньнем прыпыняе працу сайта. Інфармацыю пра гэта «Белсату» пацьвердзіў былы рэдактар KYKY Віктар Малішэўскі.

Паводле Віктара Малішэўскага, частка журналістаў застаецца ў праекце, працягне працу Instagram і TikTok выданьня, але сайт вымушана «ставіцца на паўзу». У Беларусі пасьля 2020 году сайт заблякавалі.

Саша Раманава, суўладальніца KYKY, расказала, што ў KYKY мяняецца галоўны рэдактар і што ў новай стратэгіі ад сайта, хутчэй за ўсё, яны адмовяцца, цалкам перайшоўшы на іншыя пляцоўкі.

  • Рэдакцыя KYKY прыняла рашэньне пакінуць Беларусь пасьля арышту сузаснавальніка kyky.org, бізнэсоўца Аляксандра Васілевіча, уладальніка рэклямнага агенцтва і галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Васілевіч быў засуджаны за ўхіленьне ад выплаты падаткаў (ч. 1 арт. 243 КК) на 3 гады калёніі. Ён быў прызнаны палітвязьнем, пасьля суду выехаў зь Беларусі.
  • Цягам апошніх месяцаў шэраг беларускіх СМІ зьвярнуліся да сваіх чытачоў з просьбай пра фінансавую дапамогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Купляем дамэны з ідыёцкімі назвамі», — дырэктарка заблякаванага KYKY.org пра «гульню» зь Мінінфармацыі