У ЗША прадставілі самы ціхі звышгукавы пасажырскі самалёт X-59. ФОТА, ВІДЭА

Самалёт Lockheed Martin X-59 QueSST

NASA і кампанія Lockheed Martin 12 студзеня афіцыйна прадставілі эксперымэнтальны звышгукавы самалёт X-59 Quesst.

Прэзэнтацыя ў каліфарнійскім горадзе Палмдэйл трансьлявалася на YouTube-канале амэрыканскага аэракасьмічнага агенцтва.

Галоўная асаблівасьць самалёта — значна меншая гучнасьць пры пераадоленьні гукавога бар’ера. Дабіцца такога выніку стала магчымым дзякуючы максымальна абцякальнай канструкцыі. У прыватнасьці, кабіна пілётаў знаходзіцца амаль у сярэдзіне фюзэляжа і ня мае звыклага лабавога акна, замест яго ёсьць бакавое. А лабавы агляд забясьпечваюць маніторы.

У 1973 годзе Федэральнае кіраваньне авіяцыяй увяло забарону для лятальных апаратаў неваеннага прызначэньня на звышгукавыя палёты над сушай, а таксама ўздоўж берагавой лініі.

Увядзеньню забароны спрыяў грамадзкі ціск — амэрыканцаў турбавалі палёты звышгукавых самалётаў і іх гук над населенымі пунктамі. Забарона пяцідзесяцігадовай даўніны стала заканадаўчым рашэньнем гэтай праблемы, тады як X-59 павінен стаць рашэньнем тэхналягічным, адзначаецца ў публікацыі «Голасу Амэрыкі».

Самалёту трэба зрабіць тэставыя палёты над жылымі раёнамі, каб спэцыялісты маглі ацаніць, як людзі на зямлі рэагуюць на ўзровень гуку. Толькі пасьля гэтага NASA перадасьць зьвесткі рэгулюючым органам (у прыватнасьці, Фэдэральнаму ўпраўленьню грамадзянскай авіяцыі) для атрыманьня дазволу на камэрцыйныя палёты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі запуск «Starship» завяршыўся няўдачай, аднак Ілон Маск лічыць яго пасьпяховым
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NASA паказала новы кратэр на месцы падзеньня расейскай станцыі «Луна-25». ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: SpaceX накіравала да МКС касьмічны карабель з турыстамі на борце