Па інфармацыі Праваабарончага цэнтру «Вясна», летась з рознымі відамі рэпрэсій сутыкнуліся сама меней 6 386 чалавек, зь іх 1776 жанчын і 4566 мужчын.
Але рэальныя лічбы могуць быць значна большымі, бо да праваабаронцаў не даходзяць усе зьвесткі пра рэпрэсіі.
Найбольшую колькасьць рэпрэсій праваабаронцы зафіксавалі ў Менску і Менскай вобласьці — 1535 чалавек. Наступнымі ідуць Гомельская і Горадзенская вобласьці — 1345 і 1023 чалавекі.
Паводле праваабаронцаў, летась па ўсёй краіне адбылося ня менш за 4466 судоў паводле палітычна матываваных артыкулаў.
Беларускія суды прызначылі ня менш за 1822 штрафы на агульную суму ў 1 524 492 рублі (амаль 466 тысяч даляраў). Таксама судзьдзі прызначылі мінімум 2005 арыштаў. Агулам у ізалятарах беларусы адбылі сама меней 22 988 сутак.
Акрамя гэтага, па інфармацыі «Вясны», судамі ў 22 выпадках былі прызначаныя грамадзкія работы, а таксама з розных прычынаў спынена 38 справаў.
Для «палітычных» арыштантаў цягам трох з паловай гадоў ствараюцца «спэцыяльныя» ўмовы ў камэрах часовых ізалятараў, пішуць праваабаронцы. Увесь гэты час людзям не выдаюць сродкаў гігіены, зьменнага адзеньня, пасьцельнай бялізны. Іх не выводзяць ні ў душ, ні на сьвежае паветра. У такіх умовах некаторых арыштаваных утрымліваюць па некалькі месяцаў запар.
Пры гэтым камэры ўвесь гэты час застаюцца перапоўненымі. Таму людзі вымушаны спаць на падлозе, пад ложкамі, на лаўцы і нават на стале. У якасьці дадатковага ціску ў камэры падсаджваюць бяздомных людзей. Ноччу і днём бесьперапынна гарыць сьвятло.
Для затрыманых не прымаюць перадач са зьменнай бялізнай, сродкамі гігіены і лекамі, а мыла і туалетную паперу ім прыходзіцца часам выпрошваць у адміністрацыі па некалькі дзён.
Цёплай вады ў камэрах звычайна няма, а халодную, што цячэ з-пад крана, вельмі не рэкамэндуецца піць.
Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацніліся пасьля сфальшаваных выбараў 2020 году, калі сотні тысяч беларусаў выйшлі на пратэсты, якія ўлады жорстка задушылі, арыштаваўшы дзясяткі тясяч чалавек. Падчас разгонаў пратэстаў былі забітыя і параненыя. З таго часу рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка пересьледу 11 студзеня: жыхара Гомля судзяць за абразу Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 студзеня: 4 гады калёніі за данаты; затрымалі лідэра футбольных фанатаў