Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка заявіў, што магчымасьць назіраць за падзеямі ў «адзіны дзень галасаваньня» 25 лютага атрымаюць «індывідуальныя экспэрты з розных краін, у тым ліку краін Эўразьвязу».
У той жа час, як паведамляе тэлеграм-канал ЦВК Беларусі, ён не ўдакладніў, зь якіх эўрапейскіх краін запрошаны «індывідуальныя» назіральнікі.
25 лютага ў Беларусі адбудзецца «адзіны дзень галасаваньня». Выбарнікам упершыню прапануюць прагаласаваць адначасова за кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы.
Кампанія адбываецца на фоне зачысткі палітычнага поля. Цягам лета і восені 2023 году Міністэрства юстыцыі зьліквідавала ўсе апазыцыйныя палітычныя партыі.
Раней сталы прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Андрэй Дапкюнас заявіў, што «Беларусь устрымаецца ад запрашэньня назіральнікаў АБСЭ на выбары, якія пройдуць 25 лютага 2024 году».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь адмовілася запрашаць назіральнікаў АБСЭ на «адзіны дзень галасаваньня» ў лютымУ АБСЭ назвалі гэтае рашэньне парушэньнем міжнародных абавязаньняў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за адмову запрашаць арганізацыю да назіраньня за выбарамі