Паводле праваабаронцаў «Вясны», у 2023 годзе пасьля праверак на мяжы былі затрыманы ня менш як 207 чалавек. Сярод іх, акрамя беларусаў, былі грамадзяне Ўкраіны, Літвы і Расеі.
Амаль усіх затрыманых прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за рэпосты навінаў з незалежных СМІ, «дробнае хуліганства» або за «пікетаваньне» нацыянальнай сымболікай. Акрамя гэтага, ня менш за 18 затрыманых у выніку асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, 12 зь іх пазбавілі волі, а яшчэ адзін чалавек знаходзіцца пад вартай да суду.
Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што дадзеныя няпоўныя праз адсутнасьць поўных зьвестак, таму гэтыя лічбы могуць быць значна большыя.
«Вясна» нагадвае, што прычынай для перасьледу могуць стаць фота з пратэстаў у 2020 годзе, данаты, камэнтары ў сацыяльных сетках, «экстрэмісцкія» рэпосты або фота з бел-чырвона-белай сымболікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках, і нават удзел у акцыях салідарнасьці за мяжой.
Вядома, што часьцей за ўсё людзей затрымліваюць пасьля вяртаньня зь Літвы, але праверкі і затрыманьні робяць на ўсіх прапускных пунктах, якія працуюць, у тым ліку і на мяжы з Расеяй. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах або прыходзяць па іх ужо дадому. Калі затрыманьне адбываецца ў пункце пропуску, то чалавека да суду звычайна зьмяшчаюць у найбліжэйшы РАУС, дзе супраць яго і складаюць пратакол.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камісія па вяртаньні за краты. Чаму некаторыя палітэмігранты пачынаюць верыць уладамПры гэтым кожны дзень, апроч затрыманьняў, адбываюцца і допыты тых, хто заяжджае ў краіну. Праваабаронцам вядома, што пытаньні ў супрацоўнікаў мытні або КДБ выклікаюць, напрыклад, штампы ў пашпарце аб наведваньні Ўкраіны. Таксама праз допыты праходзяць тыя, хто ўключаны ў базу сілавікоў «Беспорядки» — туды ўносяцца дадзеныя ўсіх затрыманых пасьля пачатку пратэстаў у 2020 годзе.
У канцы 2021 года сілавікамі была створана праграма «Дарога дадому», якая нібыта «дазваляе тым, хто выехаў, вярнуцца без наступстваў». Пры гэтым выстаўляюць пэўныя ўмовы, паводле якіх можна гэта зрабіць. Але праваабаронцам вядома мінімум пра тры выпадкі, калі, нягледзячы на зварот у камісію, супраць людзей заводзяць крымінальныя справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як «камісія па вяртаньні» зрабілася часткай псыхалягічнага ціску на палітэмігрантаў