Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч разважае пра тое, ці рыхтуецца ў Беларусі «транзыт улады», заяўляе, што цяпер чыноўнікам трэба ня толькі цалкам падпарадкоўвацца Аляксандру Лукашэнку, але яшчэ і прадбачыць ягоныя жаданьні, і тлумачыць, якія крытэры могуць стаць галоўнымі пры пэўных умовах для выбару асобы, якая можа стаць «пераемнікам».
Сьцісла:
- У Беларусі прыдумана дастаткова экзатычная мадэль Канстытуцыі, якая невядома як будзе працаваць, калі зь яе выняць Аляксандра Лукашэнку.
- Рэальная палітычная вага асобы ня роўная частаце ўзгадаваньня ў прэсе.
- Тыя людзі, якія цяпер знаходзяцца ў сыстэме, абавязаныя дэманстраваць абсалютную ляяльнасьць.
- Той, хто тэарэтычна можа быць абраны «пераемнікам», ня можа публічна працаваць на тое, каб рэальна стаць пераемнікам.
— Апошнія тыдні зноў ажывіліся размовы на тэму, ці будзе вылучацца Аляксандар Лукашэнка на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году. Хоць, здавалася б, тут усё відавочна, аднак некаторыя аглядальнікі мяркуюць, што гэтага можа не адбыцца — з розных прычынаў, у тым ліку праз стан здароўя Лукашэнкі. Як вы ставіцеся да такіх вэрсіяў?
— Я асабіста ня бачу ніякіх прыкметаў транзыту, то бок падрыхтоўкі перадачы ўлады ад Лукашэнкі да кагосьці іншага. Усё ж транзыт патрабуе пэўнай інстытуцыйнай падрыхтоўкі, зьменаў у сэнсе канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, іншых падрыхтоўчых дзеяньняў, якія немагчыма было б не заўважыць.
Нічога такога мы ня бачым, роля самога Лукашэнкі толькі ўзрасла, ён нават яшчэ больш сканцэнтраваў прыняцьце ключавых рашэньняў у сваіх руках. Хутчэй за ўсё, ён узначаліць Усебеларускі народны сход, і мы пабачым яшчэ большую канцэнтрацыю ўлады ў адных руках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяперашні прэзыдэнт хоча быць і далей прэзыдэнтам». Лукашэнка пачынае чарговую выбарчую кампанію— Пасьля падзеяў жніўня 2020 году самі ўлады ў Беларусі загаварылі пра непазьбежнасьць транзыту (Лукашэнка заяўляў пра магчымасьць датэрміновых выбараў). На гэтым нібыта настойвала і Масква. У лютым 2022-га была прынятая новая Канстытуцыя, якая мяняла структуры ўлады. А цяпер аказваецца, што гэта ўсё не замінае працягваць аднаасобную ўладу Лукашэнкі. Гэта адбылося таму, што зьмянілася сытуацыя ў выніку вайны Расеі супраць Украіны? Ці так адпачатку было задумана?
— Думаю, так і было задумана. Калі Расея і спрабавала неяк праціснуць зьмену канфігурацыі ўлады ў Беларусі, то гэта працягвалася да лета-восені 2021 году. Пасьля гэтага Крэмль, відаць, ужо канчаткова вырашыў, што будзе ваяваць з Украінай, таму ўжываць нейкую складаную сыстэму трансфармацыі ўлады ў Беларусі патрэба адпала. Ім трэба, каб быў надзейны партнэр, зь якім можна вырашаць пытаньні ўдзелу ў вайне.
Я ня думаю, што пасьля гэтага, з восені 2021 году, ужо засталіся нейкія зьнешнія чыньнікі, якія маглі стрымліваць Лукашэнку. Трэба нагадаць, што першы варыянт Канстытуцыі, прапанаваны канстытуцыйнай камісіяй, быў, умоўна кажучы, дастаткова лібэральны, прадугледжваў большы падзел улады, зьмяншэньне ролі прэзыдэнта ў палітычнай сыстэме.
Але ў пэўны момант траекторыя працы над праектам Канстытуцыі катэгарычна зьмянілася, і была прыдумана такая — дастаткова экзатычная — мадэль, якая невядома як будзе працаваць, калі зь яе выняць Аляксандра Лукашэнку. Яна напісаная канкрэтна пад яго і дае яму дастаткова вялікае поле для манэўру. Лукашэнка мог застацца прэзыдэнтам і кагосьці прызначыць старшынём Усебеларускага народнага сходу. Але ён можа, застаючыся прэзыдэнтам, адначасова стаць сам старшынём УНС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая пасада Лукашэнкі, лёс палітвязьняў, «мяжа на замку»: прагнозы беларускіх экспэртаў на 2024 годТо бок дызайн Канстытуцыі прадугледжвае розныя сцэнары. Але ўсе сцэнары так званага «транзыту» маюць пэўныя рызыкі. І я ня бачу ніякіх прыкметаў таго, што рыхтуецца варыянт «транзыту». Тут яшчэ ёсьць і аргумэнт: усе назіралі (у тым ліку Лукашэнка) прыклады няўдалых транзытаў у іншых краінах — Казахстане, Туркмэністане. Плюс вайна, крызіс. І, думаю, на гэтым фоне будзе сказана: паколькі крызіс, вайна, то ў такой сытуацыі ня варта нічога мяняць.
— Аглядальнікі зьвяртаюць увагу на публічную актыўнасьць некаторых чыноўнікаў, такіх як Качанава, Карпянкоў, якую некаторыя схільныя тлумачыць падрыхтоўкай да рэальнасьці пасьля Лукашэнкі. Ці можа гэтая актыўнасьць самім Лукашэнкам успрымацца як неляяльнасьць, ці яна адбываецца ў рамках дазволенага?
— Усе гэтыя развагі базуюцца на тым, што нам паказваюць афіцыйныя СМІ. Але мы мусім улічваць, што ў гэтыя СМІ трапляе далёка ня ўся актыўнасьць намэнклятуры і чыноўнікаў. Трэба разумець, што рэальная палітычная вага ня роўная частаце ўзгадваньня ў прэсе. Я думаю, з Карпянковым, напрыклад, менавіта такая сытуацыя.
Таму я б прапанаваў зьвяртаць увагу на інстытуцыйныя зьмены, зьвязаныя зь пераразьмеркаваньнем паўнамоцтваў, зьяўленьнем новых функцыяў. І калі глядзець на гэта, то ня бачна прыкметаў падрыхтоўкі да таго, каб некаму аддаваліся большыя паўнамоцтвы.
Тыя людзі, якія цяпер знаходзяцца ў сыстэме, абавязаныя дэманстраваць абсалютную ляяльнасьць. Калі яшчэ да 2020 году можна было адчуваць сябе больш-менш вольна, то цяпер трэба ня толькі цалкам падпарадкоўвацца, але яшчэ і ўгадваць жаданьні Аляксандра Лукашэнкі.
І кожны разумее, што ня можа дэманстраваць палітычныя амбіцыі. Ён тэарэтычна можа быць абраны «пераемнікам», але ня можа публічна працаваць на тое, каб стаць пераемнікам. Гэта прынцыповы момант, які варта ўлічваць. Людзі ў сыстэме разумеюць, што яны не павінны ў гэтых пытаньнях праяўляць ніякай ініцыятывы, не павінны дэманстраваць ніякіх плянаў, амбіцыяў, а могуць толькі паказваць гатоўнасьць выканаць тое, што ім будзе даручана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна, выбары і імітацыя выбараў, пашпарты Новай Беларусі: прагнозы беларускіх экспэртаў на 2024 год— Але няўжо ва ўладзе няма ніякага сцэнару на той выпадак, калі Лукашэнка ня здолее выконваць свае функцыі — хаця б паводле стану здароўя? Ці нават сама пастаноўка такога пытаньня будзе ўспрымацца як крамола?
— Я схіляюся да другога сьцьвярджэньня. Ва ўладзе крамольна пра гэта думаць, бо сама пастаноўка гэтага пытаньня будзе нараджаць змрочныя думкі ў Лукашэнкі.
Калі сур’ёзна — я ня думаю, што такі плян ёсьць. Бо яго ніхто ня можа прапанаваць ці распрацоўваць, акрамя самога Лукашэнкі. А ён, як выглядае, ня хоча пра такое думаць. У аўтарытарных рэжымах мы дастаткова часта назіралі, як правіцель кіруе, ня думаючы пра тое, што будзе пасьля яго.
— Тым ня менш, чыста абстрактна — якія крытэры могуць быць галоўнымі ў пэўных умовах для выбару той асобы, якая можа стаць «пераемнікам»?
— Па-першае, гэты чалавек павінен быць максымальна блізкі самому Лукашэнку і таму разумець усе рэальныя палітычныя расклады, бо гэта сфэра вельмі непразрыстая. І, вядома, не выклікаць ніякіх падазрэньняў у самога Лукашэнкі, што ён можа праводзіць нейкую сваю лінію. Ён павінен разумець, на каго можна націснуць, з кім можна дамовіцца — але пры гэтым не выклікаць падазрэньня ў неляяльнасьці.
Другі найважнейшы чыньнік — гэта падтрымка Масквы: ён павінен быць прымальны для Крамля. Не павінен выклікаць у Расеі ніякіх сумневаў у тым, што калі яго падтрымаць, то ў сэнсе стаўленьня да Расеі ўсё застанецца як ёсьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Добраахвотна сысьці ён ня можа. Пра Лукашэнку як закладніка сыстэмы