0:00 – як інфлянцкія немцы інтэграваліся ў беларуска-літоўскае грамадзтва. Што такое альтэрната
3:52 – што такое сурагатны каляніялізм ВКЛ
6:30 – як наваградцы пратэставалі супраць немца на чале земскай службы Інфлянтаў
8:15 – калі нашчадкі нямецкіх крыжакоў ураўноўваюцца ў правах са шляхтай і пачынаюць інтэгравацца
11:45 – калі інфлянцкія немцы пачалі прымаць польскую мову і каталіцтва
13:35 – якую ролю ў беларуска-літоўскай гісторыі адыгралі нашчадкі крыжакоў
15:48 – які сьлед на тэрыторыі былых Інфлянтаў пакінулі продкі беларусаў
17:55 – як татары інтэграваліся ў грамадзтва ВКЛ
19:57 – як у Вялікім Княстве Літоўскім ставіліся да габрэяў
21:56 – калі габрэі ВКЛ выстаўлялі полк кавалерыі для абароны гарадоў
26:08 – дзе ў Беларусі была калёнія шатляндцаў-шкотаў і хто яшчэ жыў на беларуска-літоўскіх землях
Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Віктарам Якубавым:
— Як выхадцы з Інфлянтаў інтэграваліся ў беларуска-літоўскае грамадзтва?
— Асноўныя інтэграцыйныя працэсы адбываліся ў 1582–1629 гадах, калі большасьць Інфлянтаў былі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Існавала такая адмысловая практыка, якая называлася альтэрната. З 1588 па 1598 год толькі літвіны (продкі беларусаў і літоўцаў) з боку Вялікага Княства Літоўскага і «караняжы» (продкі сучасных палякаў і ўкраінцаў) з боку Кароны маглі займаць пасады ў Інфлянтах.
З 1598 году, калі Жыгімонт Ваза становіцца каралём Швэцыі, ён робіць з Інфлянтаў выставачны варыянт таго, ува што будзе ператварацца Швэцыя, таксама інтэгруючыся ў склад дзяржавы «абодвух народаў» — Рэчы Паспалітай. І вось тады інфлянцкіх немцаў пачынаюць дапускаць да альтэрнаты, гэта значыць, да заняцьця пасадаў у саміх Інфлянтах.
З Курляндыяй справа асобная, там яны мелі свае правы і маглі займаць пасады, нашы туды ня лезьлі. А вось на поўнач ад Дзьвіны ўсе гэтыя падзеі, зьвязаныя з альтэрнатай, і разгортваліся. Як і наступная вайна са Швэцыяй.
Тут можна гаварыць пра так званы сурагатны каляніялізм. Гэта калі Стэфан Баторы запрашаў немцаў, італьянцаў, французаў сяліцца ў Інфлянтах, каб потым кантраляваць гэтую тэрыторыю. Была туды нават міграцыя празь мяжу і з Масковіі. Гэта адбывалася таму, што там было шмат вольных тэрыторый. Маскоўцы падчас Лівонскай вайны выразалі чвэрць насельніцтва Лівоніі.
Дзяржава займаецца стварэньнем законаў і рамак для існаваньня грамадзтва. І вось спачатку мы маем у Інфлянтах жорсткі каляніяльны дыктат. Ён паслабляецца пасьля 1598 году. На пачатку XVII стагодзьдзя адбываюцца перамогі над швэдамі і інфлянцкімі здраднікамі, якія далучыліся да швэдаў. Яны, дарэчы, ваявалі і на баку Рэчы Паспалітай, але слаба.
І вось пасьля апошняй перамогі над швэдамі пад Кірхгольмам немцаў дапускаюць нарэшце да ўладаньняў і іншых эканамічных рычагоў на тых самых правах, як і «абываталяў» агульнай Рэчы Паспалітай. Фактычна адбываецца ўраўнаньне ў правах немцаў Лівоніі з нашай шляхтай.
Але для беларуска-літоўскай шляхты было важна захаваць свае набытыя ўладаньні ў Інфлянтах і не дапускаць немцаў да пасадаў на тэрыторыі Вялікага Княства. Паказальны прыклад падзеяў 1601 году, калі земскую службу Інфлянтаў на загад караля ўзначаліў немец Юрген Форэнцбах. Так тады рабілася: калі пачыналася вайна, то першы год ад нападнікаў павінна было адбівацца мясцовае войска — земская служба, пакуль не зьбярэцца дзяржаўная армія з усёй краіны і не падыдзе да тэатру ваенных дзеяньняў. Але наша шляхта ў Наваградку заявіла: «Не дазваляем прадстаўніку чужой нацыі на шыі нашыя сядаць». Так што нават у Інфлянтах кіраваць войскам павінны былі толькі нашы. Гэта прыклад такой выбудовы рамак.
Пасьля паразы Рэчы Паспалітай у вайне са Швэцыяй у 1629 годзе частка інфлянцкіх немцаў зьяжджае ў Прусію, а іншыя — напрыклад, Плятэры, Корфы ці Тызэнгаўзы — атрымліваюць у якасьці кампэнсацыі ўладаньні на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
І далей гэтыя немцы становяцца роўнымі зь іншымі шляхецкімі прадстаўнікамі Рэчы Паспалітай, проста іх застаецца фізычна мала. Але яны, як прадстаўнікі палітычнага народу, уключаюцца ў палітычнае жыцьцё. Заўсёды пры кожным манарху будзе па два-тры прадстаўнікі ад інфлянцкіх немцаў, якія пераважна адказваюць за кантакты з Заходняй Эўропай.
Як у кожным фэадальным грамадзтве, у Рэчы Паспалітай кар’еры робяцца праз шлюбы і вайсковую службу. Жыгімонт Ваза і Ўладзіслаў Ваза разглядалі прадстаўнікоў Інфлянтаў як натуральных праваднікоў нямецкай традыцыі. Напрыклад, хоць гусары на полі бою былі лепшыя за нямецкіх рэйтараў, а інфлянтцы служылі як рэйтары, Жыгімонт Ваза ўсё роўна ў 1620-я гады плаціў рэйтарам такі самы заробак, колькі і гусарам. Нават у пару ваенных кампаніяў іх заробак быў большы за гусарскі, у выніку чаго наша шляхта абуралася. Так што менавіта немцы, у прыватнасьці Корфы, адказвалі з стварэньне рэйтарскай коньніцы ў Рэчы Паспалітай.
Таксама адзін з Плятэраў пры Вазах ствараў артылерыю на заходні ўзор. У прыватнасьці, у 1630-я гады ён браў удзел у ваенных дзеяньнях пад Смаленскам падчас той пераможнай для Рэчы Паспалітай вайны. Там было шмат артылерыйскай і сапёрнай працы, якой ён пасьпяхова даў рады — і за гэта атрымаў маёнтак у Ваўкавыскім павеце.
І вось мы кажам, што дзяржава стварае рамкі — але гэта справа чалавека, упісвацца ў іх ці не. І што характэрна для радавой крыжацкай знаці, напрыклад, для Плятэраў ці Дэнгафаў, — гэта тое, што яны ня бралі шлюбаў з прадстаўніцамі мясцовых родаў. Яны бралі замуж немак, і такім чынам захоўвалі сваю ідэнтычнасьць і чысьціню крыві. Хоць найбольш удалыя кар’еры пачнуць рабіць менавіта тыя, хто пачне зьмешвацца зь беларуска-літоўскай шляхтай.
— А калі інфлянцкія немцы пачалі прымаць польскую мову, культуру і пераходзіць у каталіцтва?
— Ужо ў XVII стагодзьдзі ўдзельнікі зьмешаных шлюбаў і прыдворныя пачынаюць гаварыць па-польску. Але сапраўдная інтэграцыя гэтых немцаў адбылася ў канцы XVIII — у ХІХ стагодзьдзі [...].
— А калі паспрабаваць ацаніць, якую ролю інфлянцкія немцы адыгралі ў гісторыі Беларусі?
— Яны адыгралі выдатную ролю для пэўных рэгіёнаў. Напрыклад, Тызэнгаўзы адыгралі выдатную ролю ў разьвіцьці Паставаў і Горадні. У прыватнасьці, пабудова эканамічнай часткі Горадні была цудоўна і практычна спраектаваная. Наогул, інфлянцкія немцы спрыялі пашырэньню эўрапейскіх практыкаў на нашых землях [...].
— Ну і, канечне, ня будзем забываць, што Эмілія Плятэр на пачатку ХІХ стагодзьдзя зьбірала і вывучала беларускі фальклёр, сьпявала беларускія песьні і танцавала народныя танцы. Сёньня адна з самых вялікіх цэнтральных вуліц Варшавы называецца яе імем, а ў Менску такой вуліцы няма. А ў 90-я гады ХІХ стагодзьдзя Караль Гутэн-Чапскі адыграў выдатную ролю ў разьвіцьці Менску, а яго брат Юры Гутэн-Чапскі ў 1917 годзе падчас перапісу ўжо назваў сябе беларусам...
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.