Ужо сёньня: 162 гады таму выйшла першая «Мужыцкая праўда»

Стрыт-арт у Берасьці ў 2018 годзе: Кастусь Каліноўскі і «новая Мужыцкая праўда»

Падзеі 11 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

11 студзеня 1862 году выйшла першая нелегальная беларускамоўная газэта «Мужыцкая праўда». Яе заснаваў і выдаваў Кастусь Каліноўскі — адзін зь лідэраў нацыянальна-вызваленчага паўстаньня 1863–1864 гадоў.

У выпусках «Мужыцкай праўды» Кастусь Каліноўскі зьвяртаўся да суайчыньнікаў падчас паўстаньня. Агулам выйшла 7 нумароў газэты. Распаўсюджвалася яна ў асноўным у заходніх і цэнтральных рэгіёнах Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Алег Латышонак пра паўстаньне 1863–1864 гадоў: «Гэта катастрофа»

Таксама ў гэты дзень

1386 — пасольства польскай шляхты падпісала ў Ваўкавыскім замку дамову зь Ягайлам, згодна зь якой ён атрымліваў польскі трон ды браў шлюб зь Ядвігай.

1907 — рашэньнем віленскага суду было забаронена выданьне газэты «Наша доля». Галоўнага рэдактара і выдаўца газэты Івана Тукеркеса асудзілі на 1 год турмы. «Наша доля» выдавалася з 1 верасьня 1906 году ў Вільні і стала першай легальнай беларускай газэтай. Праіснавала яна нядоўга — выйшла ўсяго 6 нумароў, зь іх 4 былі канфіскаваныя, сёмы зьнішчылі яшчэ ў наборы. Палова накладу друкавалася кірыліцай, а палова — лацінкай.

1923 — войскі Францыі і Бэльгіі акупавалі Рурскую вобласьць, каб прымусіць Нямеччыну плаціць рэпарацыі.

У гэты дзень нарадзіліся

1755 Аляксандр Гамільтан, першы міністар фінансаў ЗША, адзін з айцоў-заснавальнікаў Злучаных Штатаў.

Аляксандар Гамільтан

1867 Сьцяпан Рункевіч, беларускі гісторык царквы.

1925 Алеся Фурс (ад нараджэньня Ўмпіровіч), удзельніца паваеннага антысавецкага Супраціву, зьняволеная ГУЛАГу, удзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Алеся Фурс

У памяці

1397Скіргайла Альгердавіч, вялікі князь літоўскі.

1864Тытус Далеўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году і паплечнік Кастуся Каліноўскага (расстраляны).

1983Ціхан Кісялёў, першы сакратар ЦК КПБ у 1980–1983 гадох.

2004 — Кастусь Шышэя, камандзір Беларускай краёвай абароны, вязень ГУЛАГУ, дзе беларуская пісьменьніца Ларыса Геніюш пазнаёміла яго з будучай жонкай Леакадзіяй. Пахаваны на Сьвята-Эўфрасіньнеўскіх могілках у Вільні.