Найвышэйшы адміністрацыйны суд Літвы канчаткова пацьвердзіў законнасьць рашэньня Дэпартамэнту міграцыі Літвы аб адмове беларускай актывістцы і праваабаронцы Вользе Карач у палітычным прытулку.
Калегія судзьдзяў разглядала справу Вольгі Карач 10 студзеня ў пісьмовым парадку на закрытым судовым пасяджэньні. Рашэньне суду канчатковае і ня можа быць абскарджана.
Як інфармавала агенцтва BNS, якое цытуе LRT, прадстаўніца суду Нярынга Лукашавічэне, суд пакінуў у сіле рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі і адхіліў апэляцыю.
Лукашавічэне ня стала камэнтаваць матывы рашэньня, спаслаўшыся на тое, што справы аб наданьні прытулку не разглядаюцца публічна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я вельмі злая і не адступлюся». Карач зноў адхіліла абвінавачаньні ў супрацы з расейскай выведкайВольга Карач будзе зьвяртацца ў Эўрапейскі суд
Вольга Карач паведаміла Свабодзе, што што будзе абскарджваць рашэньне літоўскага суду ў Эўрапейскім судзе ў правах чалавека.
«Гэтае рашэньне можна абскардзіць, і мы будзем гэта рабіць, вядома ж, у Эўрапейскім судзе ў правах чалавека. У мяне такое права ёсьць, і я ўжо зьвязалася з адвакатам і папрасіла, каб ён рыхтаваў гэтую скаргу», — адзначыла яна.
Вольга Карач падкрэсьліла, што зьяжджаць зь Літвы не плянуе, бо мае часовы дазвол на жыхарства, дзейны да жніўня 2024 году, і літоўскія ўлады абяцалі яго працягнуць.
«Я не пляную зьяжджаць зь Літвы, у мяне ўсё ў парадку з дакумэнтамі, у мяне ёсьць часовы дазвол на жыхарства. Мяне ніхто зь Літвы не выганяе, гэта дакладна», — падкрэсьліла яна.
«У рашэньні не было ніякіх аргумэнтаў. Усё, што было напісана, — што я магу ў будучыні супрацоўнічаць з расейскай выведкай. Гэта гучыць забаўна, мяне яшчэ ніводнага разу ў жыцьці не судзілі за тое, што я магу зрабіць», — сказала Вольга Карач.
Паводле яе, улады Літвы адмовілі ў палітычным прытулку і яе мужу.
«Калі я пагроза нацыянальнай бясьпецы, то чаму мяне ня выслалі зь Літвы? Калі я не пагроза, то чаму мне не даюць палітычны прытулак? Я лічу, што гэта такая кампанія цкаваньня, зьвязаная з тым, што мы абараняем правы беларусаў тут, і таксама на карысьць гэтай вэрсіі кажа той факт, што майму мужу таксама адмовілі ў палітычным прытулку за тое, што ён у лютым 2020 году езьдзіў у Беларусь», — дадала яна.
Вольга Карач паведаміла, што падазрэньні ў тым, што яна «можа супрацоўнічаць з расейскай выведкай», грунтаваліся на падставе інфармацыі, што яна езьдзіла ў 2016 і 2019 гадах у Расею для ўдзелу ў розных канфэрэнцыях, на якіх магла «зь некім» сустракацца, а таксама спрабавала сустрэцца з расейскім амбудсмэнам Тацянай Маскальковай.
«Гэта сапраўды так. Я спрабавала зь ёю сустрэцца, таму што яна зьяўляецца амбудсмэнам Расеі. Зразумела, што яна прапуцінская, але ўсё роўна для мяне было важна, каб яна ўзьнімала гэтыя пытаньні. Мы, напрыклад, сустракаліся з начальнікамі калёній, яны пралукашэнкаўскія, і што? Усё роўна з усімі гэтымі структурамі трэба сустракацца і казаць, што яны парушаюць правы чалавека. Калі я буду сустракацца толькі з дэмакратычнымі сіламі, што я магу зьмяніць у такім выпадку?» — дадала яна.
Вольга Карач таксама паведаміла, што 31 праваабарончая арганізацыя зьвярнулася ў літоўскі суд зь лістамі ў яе абарону, у якіх тлумачылася, што сустрэчы з прадстаўнікамі розных дзяржаўных структур, у тым ліку Тацянай Маскальковай, — гэта абсалютна нармальная частка праваабарончай дзейнасьці.
Міграцыйная справа Вольгі Карач
Летась у жніўні Дэпартамэнт міграцыі Літвы адмовіў Вользе Карач у палітычным прытулку, паколькі Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі высьветліў, што «яе знаходжаньне ў краіне нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы празь яе сувязі з расейскай выведкай».
Вольга Карач адмаўляе ўсе такія абвінавачаньні. Яна абскардзіла рашэньне міграцыйнага органа, але Віленскі акруговы адміністрацыйны суд пакінуў у сіле рашэньне Дэпартамэнту міграцыі Літвы.
У той жа час суд прызнаў парушэньне яе правоў на своечасовы разгляд заявы аб атрыманьні прытулку, але не знайшоў падстаў для прызначэньня кампэнсацыі за гэта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі суд прызнаў парушэньне тэрмінаў разгляду заявы Карач аб прытулку, але кампэнсацыі за гэта не прызначыўЦяпер Вольга Карач мае часовы дазвол на жыхарства ў Літве, выдадзены на гуманітарных падставах. Да канчатковага разгляду справы ў судзе Вольга Карач мела права заставацца ў Літве.
Вольга Карач атрымлівала дазвол на жыхарства ў Літве з 2014 году, а ў 2023-м зьвярнулася па палітычны прытулак. Яна ачольвае арганізацыю «Наш дом», якая займаецца гуманітарнай і псыхалягічнай дапамогай беларусам у Літве і ў Беларусі, а таксама адсочвае парушэньні правоў чалавека.
У 2022 годзе ўлады Беларусі абвясьцілі гэтую арганізацыю экстрэмісцкай, а ў 2021 годзе КДБ уключыў Вольгу Карач у сьпіс тэрарыстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцслужба Літвы заявіла, што Карач супрацоўнічала з расейскай выведкай. Карач гэта адмаўляе