«Мне многія казалі гэта, але дазвольце мне зрабіць гэта афіцыйна, прасьцей і з поўнай яснасьцю: у Швэцыі можа быць вайна», — заявіў міністар цывільнай абароны Швэцыі Карл-Оскар Булін на канфэрэнцыі аб пытаньнях бясьпекі і абароны.
Ён заклікаў швэдаў дапамагчы пабудаваць «татальную абарону», плянуючы і робячы захады для павышэньня ўстойлівасьці.
Пры гэтым Булін згадаў Украіну, якая сустрэла поўнамаштабнае ўварваньне Расеі «татальным супрацівам».
«Расейскія войскі сутыкнуліся з аб’яднанай сілай усяго ўкраінскага грамадзтва. Такое абʼяднаньне можа адбыцца даволі хутка, толькі калі пераважная большасьць насельніцтва ўсьведамляе сытуацыю і разумее, пра што ідзе гаворка. Стабільнасьць грамадзтва патрабуе менавіта гэтага: усьведамленьня сытуацыі», — падкрэсьліў швэдзкі міністар.
Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі ва Ўкраіне Швэцыя разам зь Фінляндыяй адмовіліся ад палітыкі вайсковага нэўтралітэту, якой дзьве скандынаўскія краіны прытрымліваліся дзесяцігодзьдзямі. Іх намер атрымаў паскоранае адабрэньне ўсіх сяброў NATO, акрамя Турэччыны і Вугоршчыны. Пры гэтым усе рашэньні ўнутры альянсу павінны прымацца аднагалосна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баўгарыя, Румынія і Турэччына будуць разам чысьціць Чорнае мора ад расейскіх мін ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: iSANS: Глябальныя IT-карпарацыі падыгрываюць дыктатурам, гэта пачалося задоўга да вайны