АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за адмову запрашаць арганізацыю да назіраньня за выбарамі

Матэа Мэкачы

Раней у Менску заявілі, што ня будуць запрашаць назіральнікаў АБСЭ на «Адзіны дзень выбараў».

Рашэньне не запрашаць назіральнікаў АБСЭ на парлямэнцкія выбары супярэчыць міжнародным абавязаньням Беларусі, гаворыцца ў заяве арганізацыі.

«Выклікае глыбокае шкадаваньне той факт, што ўлады вырашылі не запрашаць назіральнікаў на маючыя адбыцца парлямэнцкія выбары ў краіне ад дзяржаў АБСЭ празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) і Парлямэнцкую асамблею (ПА АБСЭ)», — заявілі 8 студзеня кіраўнікі інстытуцый Матэа Мэкачы (Італія) і Пія Каўма (Фінляндыя).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапагандысты, экс-намесьнік кіраўніка МУС, ідэоляг Лукашэнкі. Хто прэтэндуе на дэпутацтва ў парлямэнце ад Менску

Паводле іх слоў, гэтае рашэньне супярэчыць прынцыпу празрыстасьці, які неабходны для правядзеньня сапраўды дэмакратычных выбараў.

«Мы глыбока занепакоеныя тым, што рашэньне не запрашаць дзяржавы АБСЭ праз БДІПЧ для назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі перашкодзіць грамадзянам і інстытутам краіны скарыстацца бесстароньняй, празрыстай і ўсёабдымнай экспэртызай», — заявіў Мэкачы.

«Рашэньне ўраду Беларусі ўхіліцца ад свайго абавязаньня запрасіць назіральнікаў АБСЭ выклікае занепакоенасьць і супярэчыць найлепшым інтарэсам беларускага народу», — лічыць Пія Каўма.

Яна выказала «глыбокае шкадаваньне» ў сувязі з тым, што ПА АБСЭ адмаўляюць у магчымасьці зрабіць свой унёсак у дэмакратычнае разьвіцьцё з дапамогай назіраньня, якое асамблея вяла ў Беларусі з 1995 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: у раённыя выбарчыя камісіі бяруць толькі правераныя кадры

У заяве АБСЭ адзначана, што выбары — цэнтральны элемэнт дэмакратычнага працэсу, і БДІПЧ назірае за імі ва ўсім рэгіёне АБСЭ, «выкарыстоўваючы комплексную мэтадалёгію, якая распрацоўвалася на працягу многіх гадоў і выкарыстоўваецца аднолькава ў кожнай краіне».

«БДІПЧ пачаў кансультацыі зь Беларусьсю ў кастрычніку 2023 году, каб дасягнуць пагадненьня аб разгортваньні місіі па ацэнцы патрэбаў перад выбарамі, што зьяўляецца пачатковым і вырашальным крокам у вызначэньні таго, ці варта разгортваць назіраньне за выбарамі і ў якім фармаце», — паведамляе арганізацыя.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году парлямэнцкія выбары 25 лютага стануць другім выпадкам, калі БДІПЧ ня зможа назіраць за выбарамі ў Беларусі праз адсутнасьць своечасовага запрашэньня ад уладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На пікетах па зборы подпісаў схавалі твары і біяграфіі патэнцыйных кандыдатаў. Як улады рыхтуюцца да выбараў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыя можа прапанаваць «Яся Гаспадара», віртуальнага кандыдата ў дэпутаты