Амэрыканца Джона Росмэна ведаюць многія беларускія раварысты. Ён быў актыўным удзельнікам праектаў Менскага роварнага таварыства. А зараз вырашыў пайсьці ў дэпутаты, піша «Зялёны партал».
Джон Росмэн пазыцыянуе сабе як незалежнага зялёнага кандыдата, які апэлюе да канстытуцыі Беларусі і Маніфэста «Глябальных зялёных».
У свой час гэты амэрыканец адмовіўся ад грамадзянства ЗША, пераехаў у Беларусь і ўзначальваў Фонд «Экалягічны транспарт».
Ён актыўна папулярызаваў выкарыстаньне ровара ў паўсядзённым жыцьці, выступаў супраць будаўніцтва Газпрамам гмахаў на месцы былога аўтавакзала «Маскоўскі», зьвяртаючы ўвагу на тое, што высокі ўзровень аўтамабілізацыі ня сьведчыць пра высокі ўзровень разьвіцьця грамадзтва.
Пасьля 2020 году Росмэн застаўся ў Менску. Ён дае інтэрвію беларускім прапагандыстам і закідае «апазыцыі ў выгнаньні» аргумэнты накшталт «хочуць скасаваць найлепшую рысу камунізму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бюракратыя ці страх пратэстаў: калі ў Менску арганізуюць платныя паркоўкі?- Джон Росмэн паведамляе пра сябе, што нарадзіўся ў Нью-Ёрку ў 1955 г. у сям'і бібліятэкаркі і інжынэра-канструктара. Жанаты, мае 5-гадовае дзіця. Скончыў Ельскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «кампутарная навука», атрымаў другую вышэйшую адукацыю на юрыдычным факультэце Калюмбійскага ўнівэрсытэту.
- На працягу 45 гадоў працаваў інжынэрам-праграмістам. Пайшоў з ІТ у 2023 годзе, каб займацца мясцовай палітыкай пастаянна.
- Атрымаў амэрыканскае грамадзянства па нараджэньні. Жыве ў Беларусі ўвесь час ад 2009 году. Грамадзянства РБ атрымаў у 2019 годзе (пасьля адмовы ад грамадзянства ЗША).
- Сярод інтарэсаў ён называе «сыстэматызацыю карыстаньня камунальнай зямлёй, раварызацыю, грамадзкі транспарт».