У ФРГ памёр легендарны нямецкі футбаліст і трэнэр нацыянальнай зборнай Франц Бэкенбаўэр. Яму было 78 гадоў.
Пра сьмерць былога спартоўца, якога ў Нямеччыне называлі «кайзэрам», паведаміла яго сям’я.
Бэкенбаўэр пачаў гуляць у маладзёжнай камандзе «Баварыя» (Мюнхэн), пасьля гуляў за гэты клюб. Падчас сваёй кар’еры ў складзе «Баварыі» ён тры разы быў пераможцам Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў. У 1972 годзе ён разам са зборнай Нямеччыны стаў пераможцам чэмпіянату Эўропы, а ў 1974 годзе — чэмпіянату сьвету.
З 1984 году Бэкенбаўэр стаў трэнэрам нацыянальнай зборнай. У 1990 годзе зборная Нямеччыны пад яго кіраўніцтвам стала пераможцам чэмпіянату сьвету, а ў 1986-м — фіналістам.
Дзякуючы кантактам Бэкенбаўэра Нямеччына атрымала магчымасьць прымаць у сябе чэмпіянат сьвету ў 2006 годзе.