Як паведамляюць праваабаронцы, саліста Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшу і бубнача Дзьмітрыя Халяўкіна абвінавацілі ў «распаўсюдзе, вырабе, захоўваньні, перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ).
Праўдападобна, усе трое атрымалі адміністрацыйны арышт.
Музыкаў Nizkiz затрымалі раніцай 5 студзеня. На наступны дзень дзяржаўныя СМІ паведамілі пра гэта і выставілі ў сваіх сацсетках кадры затрыманьня.
- Беларускі рок-гурт Nizkiz быў заснаваны ў 2008 годзе ў Магілёве. Кліп гурта на песьню «Правілы» лічыцца адным з сымбаляў беларускага пратэсту 2020 году і, як сьцьвярджаецца, здымаўся падчас аднаго зь нядзельных маршаў.
- Праваабарончы цэнтар «Вясна» пісаў, што ўдзельнікі гурта езьдзілі на канцэрты ў іншыя краіны, але працягвалі жыць у Беларусі.