У Ціханоўскай праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі новага ўраду Польшчы і кіраўніцтвам парлямэнту.
Яе першая афіцыйная сустрэча прайшла зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.
«Міністар выказаў поўную падтрымку для дэмакратызацыі, разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і эўрапейскіх памкненьняў беларускага народу», — напісалі па выніках сустрэчы зь беларускай дэлегацуыяй у сацсетцы Х (былы твітэр) МЗС Польшчы.
Як паведамляе МЗС Польшчы, падчас размовы міністар Сікорскі падкрэсьліў прыхільнасьць Польшчы да падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, высока ацаніў цяперашнюю дэмакратычную дзейнасьць беларускіх апазыцыйных груп у выгнаньні і выказаў падтрымку дэмакратычным і эўрапейскім памкненьням краіны.
«Сустрэча стала нагодай падкрэсьліць польскую апазыцыю палітыцы ўладаў у Менску, якія пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года не спыняюць працу па ліквідацыі ўсіх праяваў незалежнасьці. Маштабы рэпрэсій супраць палітычных апанэнтаў рэжыму беспрэцэдэнтныя.
Польшча працягвае заклікаць беларускіх кіраўнікоў вызваліць усіх палітвязьняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, які знаходзіцца пад вартай з сакавіка 2021 года, і спыніць рэпрэсіі супраць беларускага грамадзтва».
У плянах Ціханоўскай яшчэ сустрэчы зь міністрамі адукацыі і эўрапейскіх спраў, сьпікерамі Сэйму і Сэнату, прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам, разам зь якім яна возьме ўдзел у каляднай сустрэчы беларускай дыяспары ў Варшаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У калядным віншаваньні Ціханоўская заклікала працаваць разам дзеля вяртаньня ў свабодную Беларусь