Авіякампанія Alaska Airlines прыпыніла палёты дзясяткаў лайнэраў Boeing 737 MAX 9 пасьля небясьпечнага інцыдэнту, які адбыўся 5 студзеня на рэйсе Портлэнд-Антарыё (штат Каліфорнія). Як паведамляе Reuters, у самалёта, які знаходзіўся на вышыні амаль 5 кілямэтраў, адарваліся дзьверы аварыйнага выхаду.
У выніку інцыдэнту ніхто са 171 пасажыра і шасьці членаў экіпажа не пацярпеў. Самалёту ўдалося пасьпяхова прызямліцца ў Портлэндзе, штат Арэгон, праз 35 хвілін пасьля ўзьлёту.
«Хоць падобныя здарэньні здараюцца рэдка, экіпаж нашага самалёта быў навучаны і падрыхтаваны да мер бясьпекі ў такой сытуацыі», — заявілі ў Alaska Airlines. Кіраўніцтва авіякампаніі паведаміла, што 65 аналягічных самалётаў будуць вернуты ў эксплуатацыю толькі пасьля прафіляктычнага тэхнічнага абслугоўваньня і праверак бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У такійскім аэрапорце пасьля сутыкненьня ў небе зь іншым самалётам загарэўся пасажырскі лайнэр