Пра затрыманьне музыкаў магілёўскага гурта Nizkiz паведамілі 6 студзеня ў прапагандысцкім сюжэце на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 4 Магілёў».
Паводле тэлеканалу, затрыманыя трое з чатырох удзельнікаў гурта Nizkiz: вакаліст і аўтар песень Аляксандар Ільін, бас-гітарыст Сяргей Кульша і бубнач Зьміцер Халяўкін. Пра чацьвёртага ўдзельніка гурту — гітарыста Леаніда Несьцярука — інфармацыі няма.
У сюжэце гаворыцца, што музыкі «пакінулі Беларусь пасьля падзеяў 2020 году, але вырашылі вярнуцца», і іх затрымалі пасьля вяртаньня на радзіму. Тым часам «Вясна» паведамляе, што паводле інфармацыі праваабаронцаў, удзельнікі гурту Nizkiz не зьяжджалі зь Беларусі пасьля 2020-га, як сьцьвярджаюць прапагандысты: яны працягвалі жыць у Беларусі, часам выяжджаючы ў іншыя краіны на канцэрты, але пры гэтым вяртаючыся на радзіму.
Як вынікае з кадраў відэасюжэту, музыкаў затрымлівалі даволі жорстка, з удзелам АМАПу. На вакаліста Аляксандра Ільіна надзелі кайданкі наўпрост у ложку.
Таксама ў сюжэце паказалі ўрыўкі з кліпу музыкаў «Правілы», дзе ёсьць кадры з пасьлявыбарчых пратэстаў у Беларусі, і «пакаяльныя відэа» з затрыманымі ўдзельнікамі гурту.
Ці завялі на музыкаў Nizkiz крымінальную справу і які цяпер іх працэсуальны стутус, не паведамляецца.
На затрыманьне музыкаў адрэагавала беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.
«Беларускі рэжым працягвае нястомна наступаць на нашу культуру», — напісала Ціханоўская ў сацыяльнай сетцы Х, назваўшы жорсткае затрыманьне ўдзельнікаў гурта «чарговым ганебным актам помсты з боку рэжыму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Nizkiz выпусьціў кліп на песьню «Правілы» з кадрамі беларускіх пратэстаў- Гурт Nizkiz выпусьціў кліп на песьню «Правілы», зьняты падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў, у кастрычніку 2020 году. У ім зьняліся ўдзельнікі гуртоў «Петля пристрастия», Naviband, Louna, «Бez обмежень», «Дай дарогу!», «Порнофильмы», «Разьбітае сэрца пацана», опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук, акторы Купалаўскага і Свабоднага тэатраў, валянтэры Акрэсьціна, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША і Вялікай Брытаніі. Цяпер кліп недаступны на Youtube.
- Кліп «Правілы» стаў адным з сымбаляў пратэсту 2020-2021 гадоў.
- Гурт Nizkiz існуе з 2008 году, выпусьціў 5 альбомаў. У 2012 годзе атрымаў тры прэміі ў намінацыі «Дэбют году». У рэпэртуары — кампазыцыі на беларускай і расейскай мовах.б
- 31 кастрычніка музыкам рагачоўскага Tor Band, яшчэ аднаго беларускага гурта, песьні якога сталі сымбалямі пратэстаў 2020 году, прысудзілі ад 7,5 да 9 гадоў зьняволеньня.