У расейскім Белгарадзе жыхарам прапанавалі магчымасьць эвакуявацца

Наступствы абстрэлу Белгараду 30 сьнежня 2023

Улады Белгарадзкай вобласьці могуць даць жыхарам Белгараду магчымасьць эвакуавацца ў больш бясьпечныя раёны. Пра гэта заявіў губэрнатар вобласьці Вячаслаў Гладкоў.

Ён параіў ахвотным зьвяртацца ў ягоную прыёмную або ў прыёмную мэра Белгараду Валянціна Дзямідава, або на гарачыя тэлефоны экстраных службаў. Па словах Гладкова, жыхарам у той жа дзень дапамогуць часова пераехаць у пункты часовага разьмяшчэньня ў гарадах Стары Аскол і Губкін.

Белгарад і вобласьць у апошні тыдзень зазнаюць абстрэлы. У выніку ракетнага ўдару 30 сьнежня загінулі 25 чалавек, больш за 100 пацярпелі. З таго моманту абстрэлы рэгіёну адбываюцца практычна штодзень.

Атака на Белгарад адбылася пасьля масаванага абстрэлу расейскімі войскамі Ўкраіны 29 сьнежня. Тады ў розных рэгіёнах краіны загінулі каля 40 цывільных жыхароў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адбыўся самы магутны абстрэл тэрыторыі Расеі за час вайны. У Белгарадзе загінулі 14 чалавек, больш за 100 параненых. ВІДЭА

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў удары па Белгарадзе тэрарыстычным актам. Украінскія вайскоўцы абстрэлы тэрыторыі РФ звычайна не камэнтуюць. Крыніца выданьня «Ўкраінская праўда» ў спэцслужбах сьцьвярджае, што УСУ атакавалі вайсковыя аб’екты, але нібыта з прычыны няўмелых дзеяньняў расейскай СПА абломкі ракет упалі ў цэнтры гораду.

  • З пачатку шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, толькі паводле афіцыйных зьвестак, загінулі больш за 10 тысяч цывільных жыхароў гэтай краіны. Пры гэтым расейскія вайскоўцы і прадстаўнікі ўладаў сьцьвярджаюць, што наносяць удары толькі па вайсковых і інфраструктурных абʼектах.
  • 29 сьнежня тэрыторыя Ўкраіны зазнала адну з самых маштабных расейскіх атак за ўвесь час поўнамаштабнай вайны. Загінулі каля 40 чалавек, дзясяткі атрымалі раненьні.
  • Напярэдадні на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН расейскі прадстаўнік Васілій Небензя заявіў, што ва Ўкраіне не было б ахвяраў сярод цывільных жыхароў пры расейскіх абстрэлах, калі б ня дзеяньні ўкраінскай СПА.