Пра гэта ён паведаміў падчас шыхтаваньня супрацоўнікаў сілавых структур у Грозным, у якім браў удзел былы амэрыканскі разьведчык Скот Рытэр, сьцьвярджаюць расейскія агенцтвы ТАСС і РИА Новости.
«У нас ёсьць палонныя, якіх мы забіралі ў Данецку, Луганску. Перадаю нашаму госьцю [Скоту Рытэру] [сьпіс ваеннапалонных]. Калі яны здымуць санкцыі з маёй мамы, маіх дачок, ні ў чым не вінаватых людзей, коней, акрамя мяне, < ...> то мы гэтых людзей аддамо», — цытуюць ягоныя словы расейскія дзяржаўныя агенцтвы.
Па іх дадзеных, пры перадачы сьпісу Рытэру паказалі відэазапіс з палоннымі ўкраінцамі, якія, як сьцьвярджаецца, прапанавалі вызваліць 20 палонных, калі будуць зьнятыя санкцыі з сваякоў Кадырава, яго самалётаў і коней.
У тэлеграм-канале Кадырава апублікавана паведамленьне пра вынікі візыту Рытэра, вядомага, як адзначае кіраўнік Чачні, «сваёй пасьлядоўнай крытыкай зьнешняй палітыкі ЗША, а таксама дзеяньняў украінскага боку». Пры гэтым у ягоным пасьце не паведамляецца, што ён перадаў яму прапанову аб зьняцьці санкцый наўзамен украінскіх палонных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадыраў даў сваёй дачцэ званьне народнай артысткі Чачэніі і вырашыў прызначыць яе віцэ-прэм’еркайУ верасьні 2022 году пэрсанальныя санкцыі (забарона на ўезд і арышт актываў) былі ўведзеныя супраць жонкі Кадырава — Медні і жанчын, якія лічацца яго жонкамі, Фацімы і Амінат, а таксама ягоных дачок Айшат, Табарык і Карыны. Таксама пад санкцыі трапіў дом моды Айшат Кадыравай Firdaws.
У жніўні 2023 году ЗША ўключылі ў санкцыйны сьпіс яго маці — Аймані. Сам кіраўнік Чачні знаходзіцца пад амэрыканскімі санкцыямі зь ліпеня 2020 году за пазасудовыя пакараньні, катаваньні і іншыя сурʼёзныя парушэньні правоў чалавека.
У сакавіку 2023 году Кадыраў паведаміў, што ягоны жарабец чыстакроўнай верхавой пароды па мянушцы Зазу «стаў першай ахвярай санкцый», накіраваных супраць яго, яго сямʼі і яго каманды. Конь падпаў пад санкцыі як частка маёмасьці Кадырава. Пазьней жарабца выкралі са стайні ў чэскім пасёлку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Чачні Кадыраў заклікаў распраўляцца са сваімі крытыкамі за мяжой, калі іх не выдаюць у Расею