Адны лічаць, што беларускіх ваяроў ужо няма сярод жывых, іншыя вераць, што іх яшчэ можна абмяняць.
Расея і Ўкраіна 3 студзеня правялі чарговы абмен ваеннапалоннымі. У Расею вярнуліся 248 вайскоўцаў, а ва Ўкраіну — 230. Гэта быў першы абмен між бакамі ад жніўня 2023 году — і самы масавы за час усёй вайны.
У чэрвені 2022 году ў расейскі палон трапілі двое беларускіх добраахвотнікаў з палку Каліноўскага. Гэта Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў. Свабода пацікавілася, што вядома пра іх лёс.
Ёсьць у сьпісах на абмен
Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў трапілі ў палон падчас бою, які адбываўся ля гораду Лісічанск Луганскай вобласьці 26 чэрвеня 2022 году. Тады група беларускіх добраахвотнікаў трапіла ў расейскую пастку.
У тым баі загінулі камандзір батальёну «Волат» Іван «Брэст» Марчук і трое добраахвотнікаў — Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Шатроў і Вадзім «Папік» Шатроў.
Відэа з палоненымі «Тромблі» і «Кляшчом» зьявіліся на расейскіх z-каналах. Хлопцы сьведчылі, што трапілі ў палон. З таго бою выйшлі трое беларусаў, вось аповед аднаго зь іх.
Як паведамляў полк Каліноўскага, украінскі бок уключыў Дзюрбейку і Дзёгцева ў сьпісы на абмен яшчэ ў ліпені 2022 году. Але ніякіх навін у гэтым кірунку няма і цяпер.
«Немагчыма вызначыць, дзе яны»
«На жаль, мы на той жа стадыі, што і былі. Расейскі бок не дае іх у сьпісах на абмен, таму немагчыма вызначыць, дзе яны, і абмяняць. З боку Ўкраіны яны маюць статус ваеннапалонных і падаюцца ў сьпісах на абмен», — паведамілі Свабодзе ў прэс-службе палку Каліноўскага.
Ці ёсьць шанец, што хлопцы праз паўтара года яшчэ жывыя? Прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у ліпені 2023 году казаў, што дакладна ведае — беларускія палонныя жывыя.
Свабода зьвярнулася да Валера Сахашчыка і гэтым разам.
«Я знаходжуся ва Ўкраіне ў зоне баявых дзеяньняў. Троху адарваны ад жыцьця. Наколькі ведаю, гэтым пытаньнем займаецца Галоўнае ўпраўленьне разьведкі Ўкраіны», — адказаў Сахашчык.
«Хочацца верыць, што яшчэ жывыя»
Сярод шараговых ваяроў наконт лёсу Дзюрбейкі і Дзёгцева ёсьць розныя думкі.
«Хочацца верыць, што яны жывыя. Але ці варта спадзявацца, што яны паўтара года пратрымаліся ў расейскіх вязьніцах з катаваньнямі... Ня ведаю, адкуль Сахашчык можа ведаць, што яны жывыя», — ананімна камэнтуе баец, які нядаўна сышоў з палку Каліноўскага.
Іншы ваяр, які працягвае змагацца ва Ўкраіне ў складзе палку Каліноўскага, сказаў Свабодзе наступнае:
«Яны маглі быць у той турме з палоннымі, якая была зьнішчаная ракетным ударам (сьледчы ізалятар у Яленаўцы Данецкай вобласьці, удар адбыўся ў ліпені 2022 году. — РС). Бо інакш іх маглі выдаць Беларусі. Ніякай інфармацыі ні ў кога няма — гэта дакладна. Застаецца толькі верыць», — сказаў добраахвотнік, які добра ведаў палонных беларусаў.
Хто такія Дзюрбейка і Дзёгцеў
Ян «Тромблі» Дзюрбейка вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, працаваў на Менскім мэханічным заводзе імя Вавілава. У 2020 годзе далучыўся да пратэставага руху. 1 лістапада быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак арышту падчас шэсьця ў Курапаты, потым на яго завялі крымінальную справу. У выніку «Тромблі» быў вымушаны зьехаць з краіны.
Сяргей «Клешч» Дзёгцеў — мянчук, вырас у мікрараёне Масюкоўшчына. Працаваў у кампаніі «Мостра-Груп», дыстрыб’ютары спажывецкіх тавараў. За час пратэстаў 2020–2021 гадоў адседзеў 25 сутак арышту.