У лістападзе камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні задаволіла хадайніцтва Пісторыюса на той падставе, што ён адбыў палову свайго 13-гадовага тэрміну. Пасьля вызваленьня 37-гадовы Пісторыюс да афіцыйнага канца свайго тэрміну ў 2029 годзе ня зможа пакідаць горад Прэторыю без адмысловага дазволу ўладаў і выходзіць з дому ў пэўныя гадзіны.
У лютым 2013 году ў доме Пісторыюса была забітая яго дзяўчына Рыва Стэнкамп. Спартовец сьцьвярджаў, што прачнуўся ад шуму і вырашыў, што ў хату прабраўся рабаўнік. Ён стрэліў з уласнай зброі празь дзьверы, але за дзьвярыма была Стэнкамп. У 2014 годзе суд прыгаварыў Пісторыюса да пяці гадоў турмы за забойства па неасьцярожнасьці. Пазьней тэрмін павялічылі да шасьці, а потым да 13 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паралімпіец Оскар Пісторыюс атрымаў шэсьць гадоў за забойства сяброўкіУ заяве, апублікаванай у пятніцу адвакатам сям’і Стэнкамп, маці загінулай сказала: «Ніколі ня можа быць справядлівасьці, калі ваш каханы чалавек ніколі ня вернецца, і ніякая колькасьць адбытага ў турме тэрміну ня верне Рыву».
- Оскар Пісторыюс быў зоркай паралімпійскага і алімпійскага спорту на пачатку 2010-х. Ён нарадзіўся без малагалёначных костак, у дзяцінстве яму ампутавалі ногі. Свае першыя крокі хлопчык зрабіў на пратэзах і авалодаў імі, як уласнымі нагамі. Пісторыюс зь дзяцінства займаўся бегам і ў юнацтве пачаў перамагаць на паралімпійскіх спаборніцтвах.
- Ён стаў першым спартоўцам-інвалідам, які дамогся права спаборнічаць нароўні са здаровымі атлетамі. Выступаў за зборную ПАР на чэмпіянаце Эўропы ў Ліньяна (Італія), чэмпіянаце сьвету ў Тэгу ў Карэі і Алімпіядзе 2012 году ў Лёндане. Быў двухразовым срэбраным прызэрам чэмпіянату Афрыкі 2012 году сярод здаровых спартоўцаў.