Да праваабаронцаў MAYDAY TEAM трапіў сьпіс старшыняў і сакратароў паловы раённых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў у Магілёўскай вобласьці. Паводле праваабаронцаў, выканаўчая ўлада жорстка трымае кантроль над камісіямі, у іх бяруць толькі правераныя кадры.
Перш за ўсё відаць вялікая колькасьць чыноўнікаў выканкамаў, адзначае MAYDAY. Так, старшынёй Магілёўскай абласной выбарчай камісіі прызначаны намесьнік старшыні Магілёўскага райвыканкаму Яўген Алекса, а ў сакратары яму прызначылі начальніка ўпраўленьня кадравай палітыкі Магілёўскага аблвыканкаму Дзьмітрыя Цімафеенку.
У Бабруйскім раёне старшынёй выбарчай камісіі стала начальніца аддзела ЗАГС райвыканкаму Марына Емяльянава, сакратаром у яе – Сьвятлана Семянчукова, намесьніца галоўнага бухгалтара аддзела адукацыі райвыканкаму, якая праявіла ляяльнасьць у ранейшыя палітычныя кампаніі.
У Быхаве раённым выбаркамам кіруе начальнік водаканала Юры Дзямідаў, а сакратаром прызначылі чыноўніцу райвыканкаму – начальніцу ўпраўлення працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Алену Пугачову.
У Горках раённым выбаркамам доўгія гады кіруе лідэр дзяржаўных прафсаюзаў Леанід Ягоранка. У сакратары яму далі галоўную спэцыялістку аддзела культуры райвыканкаму Марыну Борбут.
У Кіраўскім раёне старшыня камісіі стала начальніца фінансавага аддзела райвыканкаму Галіна Шупікава. А сакратар, як і раней,– галоўная спэцыялістка райсавету дэпутатаў Ірына Бобр.
У Клічаве старшынёй камісіі выралі старшыню вэтэранскай арганізацыі Анатоля Гертмана, а ў сакратары ўзялі начальніцу аддзела арганізацыйна-кадравай работы Клічаўскага райвыканкаму Галіну Ерашэнка.
Крычаўская раённая выбарчая камісія выбрала старшынёй Алену Здановіч зь Беларускага фонду міру, а сакратарка ў яе – Натальля Ткачэнка зь «Белай Русі».
Круглянскую выбарчую камісію ўзначаліла нядаўна прызначаная намесьніца старшыні райвыканкаму Сьвятлана Лебедзева (раней узначальвала фінаддзел райвыканкаму). Сакратаром стала галоўны юрысконсульт райвыканкаму Кацярына Нікіціна.
У Амсьціславе райвыбаркам даверылі начальніку аддзела землеўпарадкаваньня райвыканкаму Генадзю Юрчанку, ён стаў старшынёй. А ў сакратары накіравалі начальніцу аддзела ідэалёгіі райвыканкаму Вольгу Лазараву.
У Асіповічах раённую камісію ўзначаліла начальніца ўпраўленьня па працы і занятасьці райвыканкаму Алена Старавойтава, а сакратаром стала галоўная спэцыялістка раённага савету дэпутатаў Марына Куліш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК Беларусі зарэгістравала 164 ініцыятыўныя групы па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў- Кампанія незалежнага назіраньня за выбарамі дэпутатаў у адзіны дзень галасаваньня 25 лютага 2024 года ладзіцца праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Беларускім Хэльсынскім камітэтам.
- Мэтай кампаніі зьяўляецца ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжаньня беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаваньне беларускай грамадзкасьці і міжнароднай супольнасьці аб ходзе падрыхтоўкі і правядзеньня кампаніі, а таксама аб выніках назіраньня.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.