У дворыку бібліятэкі Ўрублеўскіх Літоўскай акадэміі навук у Вільні да 2026 года зьявіцца помнік каралю Польшчы і вялікаму князю Літоўскаму Жыгімонту Аўгусту і ягонай жонцы Барбары Радзівіл, паведамляе Delfi.lt.
Бібліятэка і Літоўскі саюз мастакоў у сьнежні абвясьцілі конкурс на стварэньне помніка, прыём прапановаў будзе доўжыцца да 9 красавіка. Адзначаецца, што будынак бібліятэкі месьціцца на тым месцы, дзе ў 16-17 стагодзьдзях знаходзіліся сажалкі, якія былі ва ўладаньні Радзівілаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьць беларускіх гісторый каханьняГісторыя кахання Барбары Радзівіл і вялікага князя літоўскага і польскага караля Жыгімонта Аўгуста рамантычная і драматычная.
Барбара Радзівіл нарадзілася 6 сьнежня 1520 году ў Вільні ў адной з наймагутнейшых магнацкіх дынастый свайго часу, Радзівілаў. У 17-гадовым узросьце маладую прыгажуню выдалі замуж за ваяводу троцкага Станіслава Гаштольда, але ў 22 гады Барбара ўжо стала ўдавой.
Пасьля сустрэчы Барбара Радзівіл і Жыгімонт Аўгуст пакахалі адзін аднаго. Яны пачалі сустракацца: спачатку таемна (бо ён на той момант быў жанаты), а пасьля сьмерці ягонай жонкі — адкрыта.
Брат Барбары, Мікалай Радзівіл Чорны, быў ня супраць скарыстаць шлюб сястры з Жыгімонтам Аўгустам, каб палепшыць сваё становішча. А Жыгімонтава маці, каралева Бона Сфорца, ненавідзела Радзівілаў. Інтрыгі польскай шляхты, дрэннае стаўленьне каралевы-маці да Радзівілаў, а таксама заява братоў Барбары пра тое, што Жыгімонт абражае гонар іх сястры, вымусілі вялікага князя даць слова, што ён пакіне Барбару. Але неўзабаве (у 1547 годзе) яны патаемна ўзялі шлюб у Вільні.
Бона Сфорца зрабіла ўсё магчымае, каб перашкодзіць каранаваньню Барбары. Калі Сэйм усё ж каранаваў Барбару, Бона Сфорца пакінула Кракаў і зьехала на радзіму, у Італію. Існуе вэрсія, што патаемна яна пакінула агентаў, каб атруціць ненавісную нявестку. Барбару каранавалі ў сьнежні 1550 году, а праз шэсьць месяцаў яе ня стала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 замкаў і палацаў, у якіх жывуць беларускія прывіды