Паводле інфармацыі КЖЭУП «Рагачоў», 4 студзеня з 18:00 на інжынэрных сетках вядуцца работы па ліквідацыі аварыйнай сытуацыі на скрыжаваньні вуліц Савецкай і Гарбатава.
Падачу гарачага водазабесьпячэньня і ацяпленьня спынілі ў жылых дамах па вуліцы Леніна (ад перасячэньня з вуліцай Бабруйская да перасячэньня з Кастрычніцкай) па наступных адрасах:
- вул. Леніна (дома 22, 25, 28, 34, 41, 43, 45, 46, 47, 49, 55, 56, 57, 59, 60, 61, 62, 63, 65, 67, 70, 72, 74, 78);
- вул. Савецкая (дома 53, 55, 59, 61, 63, 72, 76, 78);
- вул. Кастрычніцкая (дома 18 А, 20 А);
- вул. Казлова (д. 11 А);
- вул. Лібкнехта (д. 22).
На гэтым участку таксама няма гарачай вады і ацяпленьня ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя і адміністрацыйных будынках.
Па стане на 20.00 вяліся земляныя работы, вызначаны пашкоджаны ўчастак трубаправода, ішла падрыхтоўка да зварачных работ. Па стане на 22.00 падрыхтаваны ўчастак трубаправода для замены. Працягваюцца працы па ўхіленьні аварыйнай сытуацыі на інжынэрных сетках на скрыжаваньні вуліц Савецкая і Гарбачова. Канкрэтныя тэрміны заканчэньня аварыйных работ не называюць.
Пра сытуацыю ў Рагачове выданьню «Флагшток» распавёў чытач:
«Па чатах ужо прайшла інфармацыя, каб заўтра на працу прыходзілі ў футрах, бо незразумела, калі паправяць. Хутка не астыне, але за суткі пры такім марозе можна і акалець. ЦРБ у гэтым жа раёне. Людзям у шпіталі не пазайздросьціш».
Выданьне адзначае, што такая ж аварыя адбылася ў Рагачове месяц таму: 30 лістапада мерзьлі жыхары тых жа дамоў у цэнтры горада. Агулам без ацяпленьня і гарачай вады засталася прыкладна трэцяя частка Рагачова.
Паводле прагнозу надвор'я, цяпер у Рагачове -12 °C адчуваецца як -19 °C. Сёньня чакаецца да -13°C, без ападкаў, слабы вецер. Прагноз надвор'я ў Рагачове на заўтра: -14..-7 °C, слабы сьнег, лёгкі вецер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі маразы і галалёд. Розьніца тэмпэратур паміж рэгіёнамі складае 15 градусаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі абвясьцілі небясьпеку ад моцнага снегу