Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы ў рамках «спэцыяльнай вытворчасьці» аб нанясеньні маёмаснай шкоды пры будаўніцтве жыльлёвага комплексу «Грушаўскі пасад» у Менску ў дачыненьні да дырэктара кампаніі «Жылбудкамплект» Ільлі Волаха.
Паводле СК, у 2016–2020 гадах Ільля Волах заключаў пагадненьні аб будаўніцтве жылых і нежылых памяшканьняў, але частку атрыманых грошай расходаваў «на мэты, не зьвязаныя з узьвядзеньнем аб’екта будаўніцтва», у тым ліку «на куплю прадметаў раскошы, асабістыя патрэбы, разгульны лад жыцьця, адпачынак у дарагіх установах, набыцьцё аб’ектаў нерухомасьці». Агулам на гэтыя мэты ён, паводле сьледзтва, нібыта выдаткаваў каля 24 мільёнаў беларускіх рублёў.
Пацярпелымі па справе прызналі 430 фізычных асобаў і 5 суб’ектаў гаспадараньня, якім, паводле СК, нанесьлі шкоду агулам больш як на 58 млн рублёў.
Дзеяньні Волаха кваліфікавалі паводле ч. 2 арт. 240 (наўмыснае павелічэньне неплацежаздольнасьці юрыдычнай асобы, якое прывяло да прычыненьня шкоды ў асабліва буйным памеры) і ч. 3 арт. 424 (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Згодна з інфармацыяй СК, Волах «атрымаў польскае грамадзянства і пражывае ў Варшаве». Беларусь спрабавала дамагчыся ягонай экстрадыцыі, аднак польскі бок адмовіўся гэта рабіць.
«Згодна з адказам Акруговай пракуратуры ў Варшаве, Рэспубліцы Беларусь адмоўлена ў выкананьні просьбы аб выдачы, бо гэта «супярэчыць прынцыпам права Польшчы», — паведамляе СК.
Матэрыялы крымінальнай справы перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы заявіла, што трэба, каб памяняць палітыку польскай дзяржавы ў адносінах да Беларусі- Жылы комплекс «Грушаўскі пасад» у Менску «Жылбудкамплект» пачаў будаваць больш як 10 гадоў таму. У яго мусілі ўвайсьці 4 дамы вышынёй ад 18 да 23 паверхаў. Першыя два дамы здалі ў 2014−2015 гадах, трэці будавалі павольна. У 2020 годзе яго будоўля спынілася, чацьвёрты дом нават не пачалі будаваць. Забудоўнік Ільля Волах зьехаў у Польшчу, у Беларусі на яго завялі крымінальную справу.
- У 2021-ым выйшаў указ № 347 «Аб завяршэньні будаўніцтва жылых дамоў», які мусіў абараніць інтарэсы ўладальнікаў жыльлёвых аблігацый, якія не атрымалі сваіх кватэр. Дабудоўваць «Грушаўскі пасад» узяліся іншыя арганізацыі.