Стала вядома аб сьмерці ў Беларусі яшчэ адной грамадзянкі Ўкраіны, якую расейцы прымусова вывезьлі з-пад Кіева

Барадзянка Кіеўскай вобласьці пасьля вызвалення ад акупацыі расейцамі. Красавік 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянка Ўкраіны памерла ў доме-інтэрнаце для састарэлых у Беларусі праз тры месяцы пасьля прымусовай дэпартацыі расейскімі вайскоўцамі зь Кіеўскай вобласьці ў Беларусь.

Украінку, якой было 96 гадоў, расейцы прымусова вывезьлі ў Беларусь у сакавіку 2022 году з горада Барадзянка Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці.

Як стала вядома Свабодзе, у Беларусі яе перавезьлі ў горад Ветка Гомельскай вобласьці і перадалі ў дом-інтэрнат для састарэлых. У чэрвені 2022 году ў выніку сардэчнай недастатковасьці яна памерла, і яе пахавалі на могілках у Ветцы. Ва Ўкраіне ў яе застаўся толькі ўнук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цела параненай расейцамі пад Кіевам дзяўчынкі, якую два гады шукалі ў розных краінах, было ў моргу Мазыра

У сьнежні 2023 году стала вядома аб сьмерці ў Беларусі 15-гадовай Арыны Яцюк, параненай расейскімі салдатамі ў сакавіку 2022 году пад Кіевам пры спробе эвакуавацца. Яе цела знайшлі ў моргу Мазыра Гомельскай вобласьці. Увесь гэты час сваякі шукалі яе ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Беларусі. Дзяўчынку апазналі па ДНК пасьля таго, як цела перадалі ва Ўкраіну ў парадку абмену.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бучы адкрылі мэмарыял памяці загінулых жыхароў гораду

Расейскія войскі 24 лютага 2022 году ўварваліся ў Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласьць Украіны з тэрыторыі Беларусі.

Праваахоўныя органы Ўкраіны па выніках расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласьці, якая працягвалася з 24 лютага да 31 сакавіка 2022 году, завялі 11 433 крымінальныя справы на расейскіх вайскоўцаў за ваенныя злачынствы, а таксама на ўкраінскіх калябарантаў.

Буча, Барадзянка і Ірпень Кіеўскай вобласьці сталі сымбалямі жорсткасьці расейскіх вайскоўцаў датычна да цывільнага насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы не браты і ня сёстры. Гэта нашы ворагі». Дырэктарка псыхіятрычнага інтэрнату пад Кіевам расказала пра расейскую акупацыю

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.