4 студзеня розьніца тэмпэратур у Беларусі складае 15 градусаў. У той час, калі ў чацьвер раніцай у ваколіцах Маларыты было +0,7°С, а ў Берасьці −2°С, на поўначы Віцебскай вобласьці, у Езярышчы, тэмпэратура складала −15,2°С, у Віцебску −14,1°С, у Касьцюковічах −14,8°С, амаль столькі ж у Амсьціславе.
У Гомлі і Магілёве было мінус 12°С, у Менску мінус 11°С.
Ад такога надвор’я ў Берасьці моцны галалёд, паведаміў Берасьцейскі гарвыканкам у сваім Telegram-канале.
Акрамя таго, у васьмі паселішчах вобласьці парушана электразабесьпячэньне, гаворыцца ў паведамленьні «Белэнэрга».
На вуліцах працуюць каля 300 камунальнікаў, яны занятыя на прыбіраньні і «інтэнсіўным пасыпаньні» ходнікаў, прыпыначных пунктаў, пешаходных пераходаў і мастоў. Задзейнічана 18 машын, якія раскідваюць пясок.
Акрамя таго, у горадзе прыбіраюць дрэвы і гальлё, якое ўпала пад цяжарам сьнегу.
На 4 студзеня Белгідрамэт абвесьціў штармавое папярэджаньне для Берасьцейскай вобласьці празьсьлізкія дарогі і наліпаньне мокрага сьнегу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі абвясьцілі небясьпеку ад моцнага снегу