«Тэрыторыямі з напружанай сытуацыяй на рынку працы ў 2024 годзе» названы 23 раёны Беларусі. Такі пералік зацьверджаны пастановай ураду ад 28 сьнежня 2023 году, апублікаванай 4 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша «Позірк».
Згодна з дакумэнтам, «напружанай сытуацыяй на рынку працы» характарызуюцца ў Берасьцейскай вобласьці Івацэвіцкі і Маларыцкі раёны, у Віцебскай — Бешанковіцкі, Верхнядзвінскі, Пастаўскі, Расонскі, Сеньненскі, Ушацкі, Чашніцкі, Шумілінскі, у Гомельскай — Ельскі, Нараўлянскі, Рэчыцкі, у Горадзенскай — Дзятлаўскі, у Менскай — Вілейскі, у Магілёўскай — Дрыбінскі, Клічаўскі, Краснапольскі, Магілёўскі, Мсьціслаўскі, Асіповіцкі, Чэрыкаўскі.
У пералік праблемных рэгіёнаў уключаюць тыя, дзе звальняюць болей, чым бяруць на працу, дзе беспрацоўных болей, чымся вакансій. Акрамя таго, улічваецца, колькі асобаў, якія зьвярнуліся па дапамогу ў цэнтры занятасьці, здолелі працаўладкавацца, а таксама дынаміка колькасці занятых у эканоміцы.
У 2020 годзе, як прызнаваў урад Беларусі, з працаю было складана ў 29 рэгіёнах, а ў 2021 годзе – у 22-х.
Сытуацыю на беларускім рынку працы ў апошнія гады вызначае недахоп работнікаў.
Паводле зьвестак Белстату, у эканоміцы Беларусі ў лістападзе 2023 году было занята 4 млн 140,5 тыс. чалавек — на 2,8 тыс. менш (0,07%), чым месяцам раней (4 млн 143,3 тыс.).
У студзені 2023 года налічвалася 4 млн 172,9 тыс. работнікаў, лютым — 4 млн 172,4 тыс., сакавіку — 4 млн 175,9 тыс., красавіку — 4 млн 163,8 тыс., маі — 4 млн 150, 7 тыс., чэрвені — 4 млн 148,1 тыс., ліпені — 4 млн 147 тыс., жніўні — 4 млн 151 тыс., верасьні — 4 млн 137,9 тыс.
Па выніках 2022 году колькасьць занятых на рынку працы зьменшылася на 55 тыс., 2021-га — на 39,4 тыс., у 2020-м — на 29,6 тыс.
У трэцім квартале 2023 году ўзровень занятасьці насельніцтва (адносіны колькасьці занятага насельніцтва да колькасьці насельніцтва ва ўзросьце 15–74 гадоў) склаў 67,7% (годам раней — 68,5%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хто працаваў на эўрапейскім кантракце, на беларускі завод ня пойдзе». Што думаюць ІТ-спэцыялісты аб прапановах ад дзяржавы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адсутнасьць працы — яшчэ ня цяжкая жыцьцёвая сытуацыя? Як дзяржава скарачае сацыяльны пакет