Пра гэта і пра іншае мы гаворым з былым выкладчыкам Полацкага ўнівэрсытэту, кандыдатам гістарычных навук Віктарам Якубавым.
0:00 – колькі грошай Леў Сапега плаціў «першаму беларусу» Салямону Рысінскаму
6:19 – ці зьяўляюцца беларусы нашчадкамі русінаў і ці адчувалі палачане ў XVII стагодзьдзі сваю адрознасьць ад Украіны
13:09 – чаму ў часы раньняга Мадэрну менавіта Полаччына дала трох выбітных прадстаўнікоў «рускай» інтэлектуальнай эліты, протабеларусаў Францішка Скарыну, Васіля Цяпінскага і Салямона Рысінскага
16:11 – наколькі важным фактарам палітыкі ВКЛ была Лівонія, што яна дала Беларусі і Літве
Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Віктарам Якубавым:
— Часам беларускіх гісторыкаў атакуюць непрыхільна настроеныя калегі зь іншых краін, якія пад прыкрыцьцём навуковай дакладнасьці заяўляюць, што ніякіх беларусаў у XVI і XVII стагодзьдзях не было, што былі русіны, што гэта тады быў яшчэ адзіны этнас, у які ўваходзілі і продкі сучасных украінцаў. У вас як у спэцыяліста па Полацкай зямлі няма адчуваньня, што палачане ўжо ў XVII стагодзьдзі адчувалі сваю адрознасьць ад жыхароў Украіны? Ці ўсё ж не адчувалі?
— Усе нацыі ўзьнікаюць у ХІХ стагодзьдзі. Нацыі ў нашым разуменьні, калі халоп і шляхціц маюць пэўную палітычную ідэнтычнасьць і адказваюць за сваю краіну. На той момант, на XVI—XVII стагодзьдзі, гэта сытуацыя нерэальная. Там шляхта выбудоўвала свой палітычны народ, а сяляне, што ў Беларусі, што ва Ўкраіне, жылі сваім жыцьцём і гэтымі пытаньнямі не пераймаліся. Сяляне займаліся штодзённымі справамі і вырашэньнем сваіх праблемаў. Палітыка іх закранала толькі тады, калі пан казаў, што яму трэба заплаціць падатак, або калі да іх прыходзілі чарговыя суседзі і пачыналі іх рэзаць. Вось тады для іх пачыналася палітыка.
Але мы можам сказаць, што з адыходам Украіны да Кароны ў 1569 годзе і пачынаецца падзел русінскага элемэнту, субстрату ці протанароду, калі хочаце, на беларусаў і ўкраінцаў. А да гэтага часу... Мы ўсё ж маем з украінцамі дзьве найбольш блізкія славянскія мовы.
Але пры тым падзеле не ліквідуюцца сувязі інтэлектуальныя, бо ў Кіева-Магілянскай акадэміі выхоўваюцца шмат дзеячоў беларускай культуры, шмат беларусаў узначальваюць гэтую акадэмію. Шмат было беларусаў і сярод казакоў.
Для нас, беларусаў, Украіна, як, у прынцыпе, і Расея, была зонай калянізацыі. Людзі ехалі туды, бо не хацелі трапляць пад прыгон, які так цудоўна быў замацаваны ў трэцім Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 году.
Тая гісторыя троху іншая, яна мае троху іншы ракурс, чым мы прывыклі думаць. У XVII стагодзьдзі, калі вялася Смаленская вайна ці меў месца ўдзел нашых продкаў у «Дзьмітрыядзе», гэта ўсё разглядалася нашым грамадзтвам як каляніяльныя войны.
Вось цяпер у Вільні ёсьць выстава кніг, дзе ёсьць і кніга місіянэра з Лацінскай Амэрыкі з калекцыі Яна Караля Хадкевіча зь яго аўтографамі. У той кнізе расказваецца пра захоп Амэрыкі гішпанцамі. Кароль Жыгімонт Ваза вайну за Смаленск і Маскву называў «нашай новай Вэст-Індыяй». Такая вось гісторыя пра ўспрыняцьце свайго месца і ролі ў грамадзтве. Тут няма антыкаляніяльных комплексаў.
А што тычыцца «таварышаў», якія лічаць, што мы ня маем права прэтэндаваць на «русінаў», то можна сказаць, што ніхто ня мае права прэтэндаваць на жыцьцё чалавека, які памёр 500 гадоў таму. Усё гэта трансьляцыя нашых комплексаў у мінулае.
На той час там не было адзінага народу. Там была адзіная сацыяльная ці палітычная структура, якую складала шляхта. А для шляхты важнаю была найперш іх родавая тоеснасьць, асабістае родавае выжываньне і асабістыя правы.
Ну, мы можам гаварыць пра аб’яднаньне праваслаўных, якое было адным з маркераў на той момант. Таксама можам гаварыць пра стварэньне палітычнага шляхецкага протанароду Вялікага Княства Літоўскага, дзе былі і літоўцы ў сёньняшнім разуменьні, балтамоўныя, і русіны (ці протабеларусы).
Зь літоўцамі, зь іх пісьмом, мы маем праблемы, бо нават у Жамойці кнігі Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага пісаліся на старабеларускай мове ў XVII стагодзьдзі. Літоўская там траплялася вельмі рэдка. Хаця я вось бачыў дакумэнты Браслаўскага павету ў гродзкіх кніжках браслаўскіх у нашым Гістарычным архіве ў Менску, дык там ёсьць вёскі з чыста славянскімі імёнамі, напрыклад, Васілямі, а бліжэй да Літвы ёсьць вёска, дзе ўжо жывуць Антанасы з чыста літоўскімі прозьвішчамі.
Але зноў жа, мы ня маем іх карэспандэнцыі, гэта не пісьмовая гісторыя. Пра беларусаў мы можам сказаць, што існавала старабеларуская мова, а вось пра тых балтаў мы маем зусім мала зьвестак, прынамсі ў нашых крыніцах. Хаця літоўцы жылі на нашай тэрыторыі вельмі даўно. Гэта адна з прычын таго, чаму Вялікае Княства Літоўскае стварылася так лёгка на нашай тэрыторыі бяз той разьні, якая звычайна суправаджае стварэньне такіх вялікіх імпэрый.
— Вельмі важна, што ў вашым адказе прагучала слова «протабеларусы». На жаль, рэдка яго ўжываюць. Але калі мы паглядзім на XVI стагодзьдзе, то можам гаварыць пра трох выдатных протабеларусаў, і ўсе яны паходзілі з Полаччыны. У маім разуменьні менавіта Полаччына ў часы раньняга мадэрну дала трох выдатных прадстаўнікоў «рускай» інтэлектуальнай эліты, гарачых патрыётаў «Русі», якія да таго ж і не былі праваслаўнымі — гэта Францішак Скарына, Васіль Цяпінскі і Салямон Рысінскі. Як вы лічыце, ці выпадкова менавіта Полаччына дала беларусам гэтых трох волатаў?
— Тут трэба вярнуцца да нашай першай гутаркі. Сапраўды, так атрымліваецца, што мы вельмі мала ведаем пра Полацак у той час. Але відавочна, што для любой такой інтэлектуальнай структуры вельмі важная наяўнасьць пэўнай інтэлектуальнай школы, каб кожны раз ня трэба было вынаходзіць ровар. Калі б нехта захацеў яго чарговы раз вынайсьці, яму б патлумачылі ў школе, што да чаго. Як, напрыклад, манахі-бэрнардыны дапамаглі ў свой час Скарыну, а потым езуіты дапамагалі, і далей усе іншыя. Яму сказалі, што там і там ты можаш навучыцца інтэлектуальным практыкам і з гэтым далей зможаш нармальна жыць. Бо сама амбітнасьць Скарынавай задумы ўражвае. Ну, і самаўлюбёнасьць Скарыны, бо мала хто можа дазволіць сабе ў Бібліі надрукаваць свой уласны партрэт.
Але факт у тым, што, відаць, былі для нараджэньня гэтых постацяў і інтэлектуальныя, і эканамічныя магчымасьці. Зноў жа, Скарыны былі «гасьцямі», гандлявалі з Познаньню, з Рыгай. І былі грошы ў іх, каб зрабіць гэты праект раней за ўсіх суседзяў.
Дарэчы, калі мы гаворым пра Льва Іванавіча Сапегу, то ён жа атрымаў прывілей на друкаваньне Статуту, і друкаваў яго ў друкарні Мамоніча. А Мамонічы ж — гэта полацкі купецкі род, які перабраўся ў Вільню ў пачатку XVII стагодзьдзя, у пачатку гэтых усіх войнаў. І Мамонічы пасьля карысталіся гербам Сапегі, «Лісам», як ужо, кажучы сучаснай мовай, мэры Вільні, таму маглі карыстацца шляхецкімі правамі і гербам.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.