На поўдні Беларусі, у Гомельскай вобласьці, знайшлі новы залеж нафты, паведаміла «Беларуснафта».
Распрацоўка гэтага радовішча павінна прывесьці да здабычы каля 1 мільёна тон нафты.
Знайсьці нафту на Гарцаўскай пляцоўцы — гэта радовішча ў Хойніцкім і Рэчыцкім раёнах — дапамагла пошукавая сьвідравіна, якую прасьвідравалі для дадатковай разьведкі ўжо адкрытага ў 2022 годзе міжсолевага пакладу.
Рэсурсная база абодвух аб’ектаў — на ўзроўні мільёна тон нафты, паведаміла «Беларуснафта». Для параўнаньня — пры фармаваньні бюджэту Беларусі на 2022 год было закладзена перапрацоўваньне 12,5 мільёна тон нафты. У 2023 годзе ў Беларусі плянавалася здабыць больш за 1,8 мільёна тон нафты.
Намесьнік гендырэктара «Беларуснафты» па геалёгіі Пётр Поўжык расказаў, што цяпер на Гомельшчыне рэалізуюць унікальны для Беларусі праект 3D-сейсмавыведкі і ён «таксама ахоплівае раёны, якія пацярпелі пасьля чарнобыльскай катастрофы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь дамаглася павышэньня тарыфаў на транзыт нафты з Расеі толькі на 10,2% замест 14,5% ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Расеі Грызлоў заявіў, што пачаўся этап стварэньня «новай эканомікі саюзнай дзяржавы»