Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Мухамад Юнус асуджаны ў Банглядэш на шэсьць месяцаў турмы нібыта за парушэньне працоўнага заканадаўства. Суд пастанавіў, што ў заснаванай Юнусам кампаніі работнікам не выплачвалі належных дывідэндаў, а кіраўніцтва не сфармавала неабходны фонд страхаваньня супрацоўнікаў. Юнус не прызнаў сваёй віны, а яго прыхільнікі лічаць яго перасьлед палітычна матываваным.
Эканаміст Мухамад Юнус атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру 2006 года за разьвіцьцё сыстэмы мікракрэдытаваньня ў Банглядэш. Ён заснаваў банк Grameen, які выдае мікрасубсыдыі пад невысокі працэнт. Яны дазваляюць выжываць шматлікім жыхарам Банглядэш — краіна зьяўляецца адной з самых бедных у Азіі. Юнус атрымаў мянушку «банкір для беднякоў».
Прэм’ер-міністар Банглядэш Шэйх Хасіна Вазед неаднаразова адмоўна адклікалася аб дзейнасьці Юнуса і яго банку, абвінавачваючы іх у тым, што яны нібыта «высмоктваюць кроў» зь бедных. Супраць Юнуса неаднаразова выстаўляліся і іншыя абвінавачаньні, у тым ліку ў карупцыі і махлярстве.
Адвакаты Юнуса сьцьвярджаюць, што іх даверніка перасьледуюць толькі для таго, каб дыскрэдытаваць яго, асабліва перад парлямэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца 7 студзеня. Пасьля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі міру Юнус заявіў аб сваіх плянах удзельнічаць у нацыянальнай палітыцы. Ён адмовіўся ад ідэі заснаваць уласную партыю, але працягвае палітычную актыўнасьць і лічыцца апазыцыйным да ўладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад’ём а 5-й раніцы, бэтонная клетка. Адзін дзень з жыцьця зьняволенага нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародныя адвакаты нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага падалі пэтыцыю ў Працоўную групу ААН у адвольных затрыманьнях ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Осла прайшла Нобэлеўская цырымонія. Ляўрэатку прэміі міру прадстаўлялі яе дзеці