Ужо праз 20 год — на другім, а сёлета Беларусь фігуруе на першым месцы. Кожны беларус выпівае за год 14,4 літра. Што адбываецца, чаму п’юць беларусы, ці трэба з гэтым змагацца і як?
Гэтыя пытаньні Дзьмітры Гурневіч задае культуролягу Максіму Жбанкову і гісторыку Ягору Сурскаму.
Жбанкоў: На ўзроўні майго дыстанцыйнага на гэты момант погляду, нічога асабліва не зьмянілася. Алькаголь як быў, так і застаецца, моцным камэрцыйным рэсурсам. Як быў, так і застаецца, адначасова псыхатэрапэўтам, клюбам культуры, сьвятаром, калегам для большасьці беларусаў. Сытуацыя радыкальна не мяняецца.
Сурскі: Статыстыка — рэч вельмі ўмоўная. Гэта хутчэй тэндэнцыя, паколькі гэта элемэнт камэрцыі, то гэта тэндэнцыя актывізацыі гаспадаркі. Калі браць беларускі алькаголь, то яго вытворчасьць зьвязаная зь іншымі прамысловымі сфэрамі: тая ж вытворчасьць цукру ці бутэлек. Гэта ўсё элемэнт алькагольнай прадукцыі. Таму я ня буду такім катэгарычным, хутчэй гэта ўмоўная статыстыка, што стаіць за гэтымі лічбамі. Паколькі алькаголь тэма заўсёды маргінальная, таму мы і ня можам даведацца, раскрыць таямніцу ці тэзу, якую вы агучылі.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
Жбанкоў: Думаю, што прычына піцьця ў адсутнасьці пэрспэктываў, у адсутнасьці ясна і зразумелай карціны будучыні, вартасьці твайго ўласнага існаваньня. Большасьць, як мне падаецца, п’е тады, калі ёй альбо задобра, альбо заблага. Гэта вымяраецца неабароненасьцю асобы, адзінотай, роспаччу, жыцьцёвага камфортнага і ўцямнага пляну існаваньня. І тады зьяўляецца вельмі просты сродак самаабароны, ён заўсёды побач, заўсёды дасягальны. І што б ні казала дзяржава, з чым бы яна не змагалася, яна сама стварае нагоду чарговы раз бухнуць.
Сурскі: З аднаго боку можна змагацца з алькагалізмам, а зь іншага боку могуць расьці аб’ёмы вытворчасьці. Так было і ў савецкія часы. Праводзіліся кампаніі па барацьбе з алькагалізмам, але расьлі аб’ёмы, а выпіць лічылася іншым узроўнем даверу і адносінаў. Памятаю, была дыскусія пра забарону пладова-ягадных вінаў. У выніку забаранілі некаторыя гатункі, але ня ўсю вытворчасьць, бо для эканомікі гэта вельмі важна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьмены на рынку алькаголю: зьмяншэньне манаполіі кіраўніцтва справамі Лукашэнкі і лібэралізацыя продажу самагону