Празь некаторы час Канстанцін Сярогін зь сям’ёй апынуліся ў Швэцыі. Ён прасіў надаць яму палітычны прытулак у сувязі зь ягоным перасьледам на Радзіме, але днямі яму адмовілі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Канстанцін вельмі хвалююецца, што яго зь сямʼёй могуць дэпартаваць у Беларусь.
«Гэта самае жудаснае, што я мог ад іх пачуць. Я вельмі гэтым узрушаны. І гэта пасьля больш 22 гадзінаў інтэрвію і масы прадстаўленых доказаў з майго боку. Справу яны пачалі разглядаць 4 сьнежня, і па сутнасьці яны прынялі рашэньне за 2 тыдні па такім вялізным і абʼёмным кейсе. Цяпер мяне і сямʼю хочуць адправіць у Беларусь», — кажа Канстанцін Сярогін.
Швэцыя неахвотна дае прытулак беларусам, якія зьехалі з краіны па палітычных прычынах. У народнай амбасадзе «Медиазоне» раней казалі, што паводле зьвестак на кастрычнік 2023 году, сёлета Швэцыя адмовіла ў палітычным прытулку 62 з 67 беларусаў, а ў 2022 годзе — 138 са 141 беларусаў, якія прасілі прытулку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ШЫЗА, ПКТ, «крытая» турма і плёткі пра «нізкі статус». Як рэжым помсьціць Сяргею Ціханоўскаму і ягонаму атачэньню- Канстанцін Сярогін далучыўся да выбарчай кампаніі Сяргея Ціханоўскага вясной 2020 году. Месяцы працы ў камандзе «Краіна для жыцьця» ў 2020 годзе заўсёды суправаджаліся перасьледамі і запалохваньнямі, узгадваў Сярогін.
- 8 траўня 2020 году Сярогіна затрымалі і пры затрыманьні зьбілі, у выніку хуткая забрала яго ў лякарню, дзе ён прабыў да 13 траўня. Пасьля выпіскі яго адразу ж павезьлі ў суд, дзе прысудзілі трое сутак арышту.
- Увечары 31 траўня яго з Арцёмам Сакавым зноў затрымалі. У выніку празь нейкі час Сярогіна выпусьцілі, а Сакаў застаўся сядзець. Пасьля гэтага Сярогіна шукаў участковы і прасіў прыйсьці для дачы паказаньняў па невядомай справе, але ён доўгі час хаваўся па розных кватэрах.
- Да кастрычніка 2021 году Канстанцін Сярогін заставаўся ў Беларусі, але пасьля таго, як пачалі працэс па пазбаўленьні бацькоўскіх правоў, ён зь сям’ёй выехаў зь Беларусі.
- Па выніках закрытага суда, які праходзіў наўпрост у будынку гомельскага СІЗА-3, 14 сьнежня 2021 году апэратару Арцёму Сакаву прысудзілі 16 гадоў узмоцненага рэжыму, блогеру Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў узмоцненага рэжыму.