Гэта прадугледжана зьменамі ў Падатковы кодэкс. Дакумэнт 29 сьнежня падпісаў Аляксандар Лукашэнка.
Сума транспартнага падатку залежыць ад дазволенай максымальнай масы, умяшчальнасьці транспарту або прапісаная за яго адзінку.
У 2024 годзе фізычным асобам давядзецца заплаціць за легкавы аўтамабіль
- вагой ня больш за 1,5 тоны (або легкавы аўтамабіль, у дачыненьні да якога адсутнічае інфармацыя аб дазволенай максымальнай масе)— 66 рублёў замест 61 рубля цяпер,
- больш за 1,5 і да 1,75 тон — 87 рублёў замест 81,
- больш за 1,75 і да 2 тон — 110 рублёў замест 102,
- больш за 2 і да 2,25 тон — 131 рубель замест 122,
- больш за 2,25 і да 2,5 тон — 153 рублі замсет 142,
- да 3 тон — 174 рублі замест 162,
- больш за 3 тоны —240 рублёў замест 223.
Транспартны падатак за матацыкл і прычэп агульнай вагой да 750 кг плянуюць павялічыць на 3 рублі — да 44 рублёў.
Стаўкі за грузавыя аўтамабілі ва ўласнасьці фізычных асобаў вырастуць на 12-38 рублёў у залежнасьці ад вагі транспартнага сродку:
- ня больш за 2,5 тоны — 174 рублі,
- ня больш за 3,5 тоны — 371 рубель,
- ня больш за 12 тон — 481 рубель,
- больш за 12 тон — 546 рублёў
За аўтобусы з колькасьцю пасадачных месцаў: да 20 уключна — 262 рублі, ад 21 да 40 уключна — 371 рубель, звыш 40 — 481 рубель.
Падвышаны транспартны падатак
На некаторыя аўтамабілі з 2024 году давядзецца плаціць павышаны транспартны падатак: ён будзе ў 10 разоў перавышаць стандартную стаўку. Гэта тычыцца аўтамабіляў, з году выпуску якіх прайшло ня больш за 3 гады, уключаных у пералік «транспартных сродкаў павышанай камфортнасьці», які вызначае Савет міністраў.
Паводле міністра фінансаў Беларусі Юрыя Селівестрава, мяркуецца, што ў гэты пералік уключаць люксавыя мадэлі аўтамабіляў марак «Бэнтлі», «Ролс-Ройс», «Лексус», «Паршэ», «Мэрсэдэс», «Аўдзі», «БМВ», «Кадылак», «Джып», «Ленд Ровер», «Ягуар».
Напрыклад, транспартны падатак уладальніку Bentley Continental GT коштам 823 тысячы рублёў (з дазволенай максымальнай масай 2725 кг) складзе 1741,5 рубля (цяпер падатак — 162 рубля); уладальнік Rolls-Royce Cullinan коштам 1 мільён 700 тысяч заплаціць падатак у суме 2397,3 рубля (сёньня — 223 рубля).
Вылічэньне транспартнага падатку за 2024 год па стаўках, павялічаных у дзесяць разоў, будуць праводзіць у 2025 годзе.
Апавяшчэньні на аплату падатку будуць дасылаць да 1 кастрычніка
Крайні тэрмін рассыланьня фізычным асобам апавяшчэньняў на аплату транспартнага падатку ў 2024 годзе перанесьлі на 1 кастрычніка. Цяпер такія паведамленьні прыходзяць да 1 верасьня, у іх сярод іншага пазначана сума збору. Гэта прадугледжана зьменамі ў Падатковы кодэкс, заўважыла «Люстэрка».
Пры гэтым гранічны тэрмін выплаты падатку перамяшчаць ня будуць, ён па-ранейшаму будзе 15 лістапада.
Таксама ў 2024 годзе ўвядуць адзіны маёмасны плацеж, так што транспартны падатак можна будзе аплаціць у адной «плацёжцы» разам з падаткамі за нерухомасьць і зямлю — падаткавікі будуць выстаўляць агульную суму да аплаты па гэтых зборах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павысіць падаткі для ІП і фізычных асобаў, на першую кватэру і аўтамабілі: якія зьмены рыхтуюць у Падатковы кодэкс Беларусі