Згодна з дакумэнтам, прадугледжваецца пераразьлік працоўных пэнсіяў і іх падвышэньне ў сярэднім на 10%.
Як паведамляецца, на выплату пэнсіяў у лютым наступнага году будзе накіравана 1,8 мільярда рублёў. Зь іх 166 мільёнаў — гэта дадатковыя расходы ў сувязі з падвышэньнем згодна з указам.
Летась пэнсіі павялічвалі ў траўні і верасьні — кожны раз у сярэднім на 5%. Згодна з плянамі беларускага ўраду, да канца году павінна было адбыцца яшчэ адно падвышэньне, але яго адмянілі, нагадвае Белсат. Паводле выданьня, відавочна, што ўлады вырашылі прымеркаваць гэтую падзею да электаральнай кампаніі: 25 лютага ў Беларусі пройдзе адзіны дзень галасаваньня, падчас якога будуць абірацца дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага скліканьня і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага скліканьня.
Паводле заяваў беларускіх уладаў, у 2024 годзе плянуецца падвысіць пэнсіі на 15%.
Пры гэтым памер рэальных пэнсіяў у Беларусі працягвае зьніжацца. Так, у лістападзе ён зьнізіўся на 0,7% у параўнаньні з кастрычнікам (быў роўны 693 рублям, што на 40 капеек менш, чым у кастрычніку). Павялічваліся пэнсійныя выплаты сёлета толькі ў траўні, жніўні і верасьні. У астатнія месяцы — падалі. Найбольш — на 1,2% — у лютым.