Да 12 гадоў зьняволеньня. Былых намесьнікаў гендырэктараў БелАЗ і МТЗ разам з падначаленымі асудзілі за хабар

Будынак МТЗ. Ілюстрацыйнае фота

Вырак агучылі ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску.

Былых першага намесьніка генэральнага дырэктара ААТ «БелАЗ» Алега Сьцепука і намесьніка генэральнага дырэктара ААТ «МТЗ» Сяргея Сіраценку, а таксама іншых службовых асоб названых прадпрыемстваў абвінавацілі ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры, у тым ліку групай асоб па папярэдняй змове, гаворыцца ў паведамленьні Генпракуратуры.

Згодна з рашэньнем суду Фрунзэнскага раёну Менску, Сьцепука прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 430 КК і прызначылі 11 зьняволеньня гадоў з пазбаўленьнем права займаць кіроўныя пасады на 5 гадоў.

На той жа тэрмін паводле адпаведнага артыкулу асудзілі і Сіраценку. Яму таксама прызначылі дадатковыя пакараньні ў выглядзе штрафу ў памеры 2500 базавых велічынь (92,5 тыс. рублёў) і пазбаўленьня права займаць кіроўныя пасады на 5 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сьледчым камітэце расказалі, як у Беларусі з карупцыяй праз 30 год пасьля дакладу Лукашэнкі

Іншым службовым асобам прадпрыемстваў суд прызначыў пакараньне ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня са штрафам у памеры ад 1000 (37 тыс. рублёў) да 2000 (74 тыс. рублёў) базавых велічынь з пазбаўленьнем права займаць кіроўныя пасады на 5 гадоў.

Маёмасьць абвінавачаных, на якую раней быў накладзены арышт, пакінута пад арыштам у лік забесьпячэньня выкананьня прысуду ў частцы маёмасных спагнаньняў.

Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апэляцыйным парадку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За хабар затрымалі гендырэктара Бярозаўскага мясакансэрвавага камбіната
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС абяцае новыя крымінальныя справы супраць карупцыянэраў у мясной і малочнай галінах