15 сьнежня Нацбанк прыняў пастанову № 453 «Аб несанкцыянаваных пераводах грашовых сродкаў (электронных грошай)», паведаміў 28 сьнежня Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал. Зьмяненьні запрацуюць з 1 сакавіка 2024 году.
Гэтай пастановай для банкаў вызначылі «прыкметы зьдзяйсьненьня пераводу бяз згоды карыстальніка», у такім выпадку банкі могуць прыпыніць апэрацыю і адмовіць у пераводзе грошай. Таксама Нацбанк прапісаў парадак дзеяньняў банкаў па прыпыненьні пераводаў грошай.
Сярод іх — калі кліент банку зьдзяйсьняе нетыповы для сябе перавод. Напрыклад, калі звычайна ён адпраўляў грошы ў вызначаны дзень тыдня або карыстаўся для гэтага адной і той жа прыладай, а цяпер абраў іншы дзень або дэвайс. Час (дзень), месца ініцыяваньня плацяжу, плацежны інструмэнт/сэрвіс, яго тэхнічныя парамэтры, сума пераводу па плацяжы і іншае — усё гэта, паводле пастановы Нацбанку, можа стаць падставай для адмовы ў пераводзе.
Яшчэ адзін з крытэраў для адмовы ў пераводзе — калі інфармацыя пра атрымальніка грошай або інфармацыя пра тэхнічныя парамэтры прылады, зь якой ажыцьцяўляюць плацеж, супадзе з дадзенымі з аўтаматызаванай сыстэмы апрацоўкі інцыдэнтаў (АСАІ).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася магчымасьць плаціць у АРІП з-за мяжыАСАІ — гэта новая база дадзеных, якую маюць намер запусьціць з сакавіка 2024 году. У яе плянуюць уключаць інфармацыю пра несанкцыянаваныя плацежныя апэрацыі і спробы іх зьдзяйсьненьня. Нацбанк яшчэ мае вызначыць, якую канкрэтна інфармацыю пастаўшчыкі плацежных паслуг (у тым ліку банкі) будуць перадаваць у АСАІ. Аднак ужо вядома, што гэта будуць дадзеныя, якія ёсьць банкаўскай таямніцай. Сярод іншага гэта можа быць, як прапісана ва ўказе, інфармацыя пра несанкцыянаваныя пераводы і падазроныя плацяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт расказаў пра крымінальныя справы за данаты ў фонды салідарнасьці і назваў сумы «адкупных»Сярод сілавікоў, якія атрымаюць доступ да АСАІ, значацца органы пракуратуры, дзяржаўнай бясьпекі, унутраных спраў, Сьледчы камітэт і Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Беларусі.
Пры гэтым па рашэньні Генпракуратуры, КДК, СК і МУС расходныя апэрацыі па банкаўскім рахунку, укладзе, электронным кашальку змогуць прыпыняць на тэрмін да 10 дзён, калі ў праваахоўнікаў будуць зьвесткі ці нават толькі падазрэньні «аб зьдзяйсьненьні супрацьпраўных дзеяньняў».
У апошнія гады ў Беларусі шмат разоў арыштоўвалі і судзілі ў рамках крымінальных спраў тых, хто данаціў грошы добраахвотнікам палку Кастуся Каліноўскага, а таксама фонду BySol ды іншым дабрачынным фондам і арганізацыям.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі ІТ-кампаній заявілі, што іх далей выклікаюць на размовы ў КДБ за данаты