Паводле інфармацыі «Вясна | Брэст», у Мікашэвічах затрыманы Алег Стахаевіч — былы лідэр незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт». Ён ужо адбыў 15 дзён арышту, але пасьля яго на волю ня выйшаў.
з 2020 году мужчына жыў у Літве, часам езьдзіў у Беларусь. У Беларусі браў удзелы ў розных забегах.
У лістападзе ён сказаў сябрам, што паехаў на радзіму «на тры тыдні». 12 лістапада ў Сілічах прыняў удзел у кросе Bison XC на 5000 мэтраў. Недзе праз тыдзень яго затрымалі.
Як стала вядома праваабаронцам, ён адбыў 15 дзён арышту паводле адміністрацыйнага артыкулу, але па сканчэньні тэрміну ня выйшаў на волю.
Паводле інфармацыі ад блізкіх, у дачыненьні да Алега Стахаевіча пачалі афіцыйную праверку «на магчымую датычнасьць да экстрэмісцкай дзейнасьці».
У пачатку 2010-х Стахаевіч працаваў на мікашэвіцкім прадпрыемстве «Граніт». У 2011 годзе рабочыя спрабавалі зладзіць незалежны прафсаюз, Стахаевіч стаў лідэрам гэтай суполкі. Неўзабаве яго звольнілі з прадпрыемства, як і іншых актывістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З «Граніту» звольнілі прафсаюзнага лідэра