У Менску ў банку мужчына выхапіў у кліента 17 тысяч эўра і кінуўся наўцёкі

Эўра. Ілюстрацыйнае фота

Сьледчыя завялі на мужчыну крымінальную справу за рабаваньне.

У сталічную міліцыю патэлефанаваў жыхар Горадзенскай вобласьці і паведаміў, што ў аддзяленьні банка ў яго адкрыта забралі каля 17 тысяч эўра.

‍Заяўнік расказаў, што зьбіраўся купіць аўтамабіль у Эўропе. Каб перавесьці аплату на замежны рахунак, ён праз знаёмых знайшоў мужчыну, які пагадзіўся дапамагчы з афармленьнем, і прыехаў з грашыма ў Менск. Знаходзячыся ў аддзяленьні банка, перадаў пасярэдніку ўсю суму, аднак той забраў гатоўку і выбег з будынка. Пацярпелы паспрабаваў дагнаць зламысьніка, але той уцёк на машыне без «нумароў».

Аднак неўзабаве сілавікі затрымалі 52-гадовага фігуранта і двух ягоных саўдзельнікаў, 25 і 26 гадоў, чыёй роляй было забясьпечыць хуткую «эвакуацыю» з месца злачынства.

Сьледчыя пачалі крымінальную справу за рабаваньне. Старэйшы зь фігурантаў ужо мае ранейшую судзімасьць за забойства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі беларуса падазраюць у замаху на забойства суайчыньніка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Махляры скралі асабістыя дадзеныя мільёна беларусаў. Разьбіраемся, чым гэта пагражае