З сайта Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюзу банкаўскіх і фінансавых работнікаў зьнікла прозьвішча яе кіраўніцы — Тацяны Хацковай, заўважыла выданьне «Флагшток».
Мяркуючы па ўсім, праўладны прафсаюз застаўся без кіраўніцы.
Раней у прыёмнай прафсаюзу і па месцы яе працы выданьню адказвалі, што старшыня нібыта знаходзіцца на бальнічным.
4 сьнежня Тацяну Хацкову асудзілі на 15 дзён арышту паводле артыкулу «Распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці альбо прапагандуе такую дзейнасьць». На яе старонцы ў Фэйсбуку знайшлі адну спасылку на інтэрнэт-групу, якую беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкай».
Справу разглядалі ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля. На судзе Хацкова сказала, што губляла тэлефон і спасылку ад яе імя мог разьмясьціць нехта іншы. Судзьдзя Сяргей Кармановіч палічыў, што якіх-небудзь дакладных зьвестак, якія пацьвярджаюць словы Хацковай, няма, і прысудзіў ёй 15 дзён адміністрацыйнага арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сядзяць і начальнікі, і тыя, хто ў 2020-м выходзіў за Лукашэнку». Як «ябацькі» становяцца «экстрэмістамі»