Такую заяву ён зрабіў, рэагуючы на прынятую Эўрапарлямэнтам рэзалюцыю «Нявызначанасьць адносна месцазнаходжаньня Мікалая Статкевіча і нядаўнія напады на членаў сем’яў беларускіх палітыкаў і актывістаў», цытуе «Позірк» паведамленьне прэс-службы Палаты прадстаўнікоў.
На думку Савіных, рэзалюцыя «носіць ангажаваны і неаб’ектыўны характар», а «абвінавачваньні на адрас беларускіх уладаў надуманыя і контрапрадуктыўныя».
У прынятай 14 сьнежня рэзалюцыі Эўрапарлямэнт запатрабаваў «неадкладна і безумоўна вызваліць Мікалая Статкевіча і ўсіх 1500 палітычных зьняволеных», а таксама зьняць зь іх усе абвінавачваньні і «забясьпечыць іх поўную рэабілітацыю і фінансавую кампэнсацыю за шкоду, прычыненую ў выніку пазбаўленьня волі».
У прэамбуле рэзалюцыі адзначаецца, што яна прымаецца з улікам пагаршэньня здароўя Статкевіча, адсутнасьці інфармацыі пра яго і доступу адвакатаў і сям’і да яго на працягу больш як 300 дзён. Апазыцыйны палітык, ляўрэат прэміі Сахарава асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі і ўтрымліваецца ў адзіночнай камэры калёніі строгага рэжыму.
Зьвяртаецца ўвага на «падобныя выпадкі ізаляцыі такіх вядомых беларускіх палітвязьняў, як Алесь Бяляцкі, Марыя Калесьнікава, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Павал Севярынец, Паліна Шарэнда-Панасюк, Анджэй Пачобут і Ігар Лосік».
У дакумэнце падкрэсьліваецца неабходнасьць наданьня палітвязьням «адпаведнай мэдычнай дапамогі і прадстаўленьня доступу да адвакатаў, сем’яў, дыпляматаў і міжнародных арганізацый».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Статкевіч па-ранейшаму ў адзіночцы, ПКТ чаргуюць з ШЫЗА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрадэпутат Аўштравічус спрабаваў высьветліць у начальніка калёніі, у якім стане знаходзіцца Статкевіч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Гарбунова расказала пра свой найбольшы страх аб палітвязьнях