Замест беларуса Міхаіла Мясьніковіча Калегію Эўразійскай эканамічнай камісіі (ЭЭК) узначаліць прадстаўнік Казахстану Бакытжан Сагінтаеў, які раней быў у сваёй краіне прэм’ер-міністрам.
Такое рашэньне прынялі на пасяджэньні найвышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады ў расейскім Санкт-Пецярбургу.
Сагінтаеў афіцыйна зойме гэтую пасаду 1 лютага 2024 году. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што прадстаўнік Казахстану добра вядомы краінам-партнэрам і пачне працаваць на сваім месцы «энэргічна і без разгойдваньня», піша Orda.
Цяперашні намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Максім Ермаловіч атрымаў у Эўразійскай эканамічнай камісіі пасаду міністра канкурэнцыі і антыманапольнага рэгуляваньня.
Пасаду міністра па тэхнічным рэгуляваньні ЭЭК заняў Валянцін Татарыцкі — старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі.
- Міхаілу Мясьніковічу 73 гады. Ён кіраваў Адміністрацыяй прэзыдэнта Беларусі (1995–2001), Нацыянальнай акадэміяй навук (2001–2010), быў прэм’ер-міністрам (2010–2014), а таксама ўзначальваў Савет Рэспублікі (2015–2019). Калегію ЭЭК Мясьніковіч ачоліў у лютым 2020 году, калі старшынёўства ў арганізацыі на 4 гады пераняла Беларусь.
- 46-гадовы Максім Ермаловіч з 2002 году працаваў у Міністэрстве фінансаў Беларусі, у 2011 годзе стаў намесьнікам міністра, у 2014-м — першым намесьнікам, у 2018-м — міністрам фінансаў. За шматгадовую службу ў міністэрстве запомніўся як прыхільнік рынкавых рэформаў. У 2020 годзе прызначаны амбасадарам Беларусі ў Вялікай Брытаніі. Улетку 2022 году заняў пасаду намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі пасьля таго, як Дзьмітрыя Крутога прызначылі амбасадарам Беларусі ў Расеі.
- Валянцін Татарыцкі ў 1986–1999 гадах працаваў на інжынэрных пасадах, пасьля быў у кіраўніцтве прадпрыемства «Рудзенск». У 2015 годзе стаў першым намесьнікам старшыні Дзяржстандарту, у 2019 годзе — кіраўніком ведамства.