Дзень у гісторыі
1667 — быў закрыты Віленскі манэтны двор. З канца XV стагодзьдзя ён быў асноўным цэнтрам манэтнай прамысловасьці Вялікага Княства Літоўскага.
1842 — у дачыненьні да Беларусі ўпершыню быў ужыты расейскі імпэрскі тэрмін «Северо-Западный край». Новае вызначэньне аб’ядноўвала Віленскую, Віцебскую, Горадзенскую, Ковенскую, Магілёўскую і Менскую губэрні.
1917 — у ноч з 30 на 31 сьнежня ў Менску бальшавікі разагналі Першы Ўсебеларускі зьезд. Менавіта ў гэтую ноч Зьезд прыняў рэзалюцыю аб дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі.
1922 — Беларусь уключылі ў склад СССР. І Усесаюзны зьезд саветаў прыняў дэклярацыю і дамову аб утварэньні СССР.
1966 — улады БССР прынялі пастанову аб выданьні «Беларускай савецкай энцыкляпэдыі».
1990 — пачаўся рэгулярны рух цягнікоў па другой лініі Менскага мэтрапалітэну на ўчастку ад станцыі «Трактарны завод» да станцыі «Фрунзэнская».
1992 — Беларусь усталявала дыпляматычныя дачыненьні зь Літвой.
2004 — Міхаіла Марыніча, былога беларускага міністра і амбасадара, асудзілі на 5 гадоў турмы за нібыта скрадзеныя кампутары.
У гэты дзень нарадзіліся
1865 — Рэд'ярд Кіплінг, ангельскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.
1904 — Зэлік Аксэльрод, беларускі габрэйскі паэт, перакладчык беларускай паэзіі на ідыш.
1946 — Ніна Багінская, актывістка беларускага руху.
Жанчына стала адным з сымбаляў беларускіх пратэстаў ня толькі 2020 году, але і ўсяго дзесяцігодзьдзя. Да беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху яна далучылася яшчэ ў 1988 годзе, калі на Дзяды выйшла на марш у Курапаты. Багінская — нязьменная ўдзельніца шматлікіх акцый пратэсту цягам многіх гадоў. Яе дзясяткі разоў затрымлівалі, яна ня раз начавала ў ізалятарах. Усе сьцягі, зь якімі выходзіць на пратэсты, шые сама. Пашыла ўжо сотні сьцягоў. Многія зь іх міліцыя пазабірала пры затрыманьнях. Лічыць, што трэба перамагаць негвалтоўна, бяз зброі ў руках. Увесь час намагаецца размаўляць зь сілавікамі, прысаромліваць іх і тлумачыць, у чым яны ня маюць рацыі.
1976 — Павал Севярынец, палітык, літаратар, палітвязень.
7 чэрвеня 2020 году палітыка і пісьменьніка, сустаршыню арганізацыйнага камітэту «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Паўла Севярынца арыштавалі і пазьней абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Праваабаронцы палічылі абвінавачаньне палітычна матываваным і абвясьцілі Севярынца палітычным зьняволеным. 25 траўня 2021 году яго асудзілі на 7 гадоў калёніі строгага рэжыму.
Спачатку Севярынец адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі. У красавіку адміністрацыя папраўчай калёніі № 17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму». Тады яму скарацілі дазволеную колькасьць званкоў дадому і грашовых пераводаў. А потым яго пазбавілі і працяглага спатканьня. Затым яго перавялі ў Горадзенскую турму № 1, прызначыўшы 3 гады турэмнага рэжыму.
У памяці
1937 — Аляксандар Цьвікевіч, беларускі палітык, гісторык, міністар замежных справаў ва ўрадзе БНР (расстраляны).
1957 — Юры Сабалеўскі, беларускі палітычны дзяяч, пасол на Сэйм Другой Рэчы Паспалітай (1925-1928).