Паліцыя прымяніла сьлезацечны газ, паведамляе бальканская служба Радыё Свабода.
Акцыі пратэсту, абвешчаныя апазыцыйным блёкам «Сэрбія супраць гвалту», працягваюцца ў краіне сёмы дзень. Яго прадстаўнікі пасьля абвяшчэньня вынікаў пазачарговых парлямэнцкіх і муніцыпальных выбараў абвінавацілі ўлады ў крадзяжы галасоў і заявілі, што пра перамогу кіруючай кааліцыі ў гарадзкі сход Бялграду «не можа быць і гаворкі».
Прадстаўнікі апазыцыі, якія сабраліся на чарговую акцыю пратэсту 24 сьнежня, заявілі, што хочуць прайсьці ў будынак адміністрацыі Бялграду і выступіць з балькону мэрыі. Супрацоўнік паліцыі, які знаходзіўся каля будынка падчас спробы пратэстоўцаў прайсьці ўнутр, заявіў, што гэтыя дзеяньні будуць расцэньвацца як злачынства.
Частка пратэстоўцаў разьбіла вокны і шкло на ўваходзе. Паліцыя адказала сьлезацечным газам.
Віцэ-прэзыдэнт апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі Срджан Міліваевіч заклікаў паліцыю пакінуць будынак, каб «стаць на бок народу». Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч адрэагаваў на інцыдэнты, заявіўшы ў пазачарговым звароце, што «ніякай рэвалюцыі няма».