«Судна "Хем Плута", якое ідзе пад сьцягам Лібэрыі, належыць кампаніі зь Японіі і абслугоўваецца кампаніяй зь Нідэрляндаў, было атакавана каля 10-й гадзіны раніцы па мясцовым часе 23 сьнежня ў Індыйскім акіяне, за 200 марскіх міляў ад узьбярэжжа Індыі» — гаворыцца ў паведамленьні Пэнтагону, якое цытуе Reuters. Адзначаецца, што атака дрона прывяла да пажару на борце, які пагасілі, пацярпелых не было. Танкер з грузам сырой нафты з Саудаўскай Арабіі працягнуў шлях у індыйскі порт.
Раней пра нападзе на судна паведаміў брытанскі дэпартамэнт марскіх гандлёвых апэрацый. Іран пакуль не адрэагаваў на абвінавачаньні з боку ЗША.
Напярэдадні – у дзень, калі адбыўся напад на танкер – высокапастаўлены прадстаўнік іранскага Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі заявіў, што акрамя Баб-эль-Мандэбскага праліва (паміж паўднёва-заходнім узьбярэжжам Арабійскай паўвыспы і Афрыкай) хуткім часам могуць быць заблякаваныя і іншыя марскія шляхі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пэнтагоне заявілі аб нанясеньні ўдараў па дзьвюх іранскіх базах у Сырыі