Партал Reform.by паведаміў, што сабраў ад чытачоў больш за 17 тысячаў эўра. Як адзначае выданьне, адна асоба ахвяравала за раз 10 тысячаў эўра, і гэта «проста паралізавала працу рэдакцыі». Чытачы Reform.by за двое сутак ахвяравалі выданьню больш за 17 тысячаў эўра.
«На дадзены момант больш за 280 чалавек адправілі 17002,34 эўра. Адзін данат проста паралізаваў працу рэдакцыі — чалавек перавёў за раз 10 тысячаў эўра! Збор працягваецца», — паведаміла выданьне.
Паводле журналістаў, ужо сабраных грошай хопіць на 4 месяцы працы.
Стала вядома, што некалькі невялікіх фондаў і эўрапейскіх некамэрцыйных арганізацыяў, у якіх напрыканцы года засталіся невыдаткаваныя грошы, паабяцалі хуткім часам ахвяраваць Reform.by ад 500 да 2000 эўра.
«Пасьля такой хвалі салідарнасьці мы ні за што не закрыем Reform.by. І пастараемся адпрацаваць кожны эўрацэнт, што мы атрымалі ад вас. Дзякуй, што паказалі патрэбнасьць нашага праекту. Імаверна, гэта прывядзе да зьяўленьня стабільнага фінансаваньня», — адзначаецца ў паведамленьні рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае мэдыя Reform.by, якое сёлета атрымала прэмію ў галіне свабоды СМІ, апынулася пад пагрозай закрыцьця- Пра праблемы зь фінансаваньнем Reform.by Паўлючэнка паведаміў 21 сьнежня. Асноўны інстытуцыйны донар адмовіў выданьню ў падтрымцы без тлумачэньня прычынаў.
- На яго думку, вырашыць праблемы з Reform.by і іншымі беларускімі мэдыя немагчыма праз данаты. Гэта павінна быць інстытуцыянальная падтрымка, найперш ад Эўразьвязу і ЗША.
- На думку Паўлічэнкі, цяпер у Эўразьвязе ўтварыўся кансэнсус, што беларускія і расейскія мэдыя павінны аб’ядноўвацца, працаваць разам, паміж Расеяй і Беларусьсю ня робіцца розьніцы.
- Reform.by як паўнавартаснае СМІ было створанае ў жніўні 2018 году. Яго ініцыявалі трое журналістаў — Аляксей Жукаў, Аляксандар Атрошчанкаў і Фёдар Паўлючэнка.
- У жніўні 2021 году Мінінфарм Беларусі заблякаваў дамэн для беларускіх карыстальнікаў. Пасьля пачатку вайны блякаваць пачалі і расейскія цэнзары. Сайт выкінулі з расейскіх агрэгатараў навінаў і заблякавалі ў РФ.
- Сёлета ў красавіку суполку сайта Reform.by у «Одноклассниках» абвясьцілі «экстрэмісцкай».